epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Што есці?

Не ешце мясное —

Разумнікі вучаць,

Мясное вас будзе

Нястраўнасцю мучаць.

Чума афрыканская

Тоіць пагрозы.

Гавядзіну —

Алюбавалі лейкозы.

У сале таксама —

І страхі, і жуды,

Яно вам заб’е,

Закаркуе сасуды

Кураціну —

Зноў ужываць небяспечна,

Там АШ-2-1 —

Нейкі грып невылечны.

Гародніна — гэта

Нітраты, нітрыты,

І хіміі поўны букет

Знакаміты.

А, можа б, нам

Рыбным меню адкупіцца?

Ды ў рыбе шмат фосфару —

Будзем свяціцца,

Як лямпачка тая,

Што свеціць у вочы —

І вы, і сям’я

Не заснеце ўсе ночы.

За што ні вазьміся —

Бацылы,

Мікробы,

Усё, што ядзім мы —

Хваробы,

Хваробы.

Мы плоцім грашыма

Й здароўем за гэта.

Дык што?

Нам хана?

Наша песенка спета?

Вось мы й дажыліся —

Ні стаць

І ні сесці.

А як жа нам жыці?

А што ж тады есці?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.