epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Што лепей?

Рэвалюцыя...

Эвалюцыя...

Ў чым больш мудрасці,

Меней страху?

Рэвалюцыя —

Штука куцая,

І сабе адсячэ хвост

З размаху.

 

Рэвалюцыя —

Рэч суровая,

Ад сякеры яе

Цяжка збегчы.

Рэвалюцыя —

Безгаловая,

І сабе галаву

Можа ссекчы.

 

І партыйнага,

Й беспартыйнага

Ўзнагародзіць

Расквашаным носам.

Колькі

Паслярэвалюцыйнага

Ў свеце смутку,

Бедламу,

Хаосу.

 

Эвалюцыя прагне

Ў лёсы нам —

Лепшых змен

І надзей нямала.

Эвалюцыя ж

Нашых зносінаў

Невыносна

Маруднай стала.

 

Дзе вы чулі

І дзе вы бачылі

Жах, якому —

Сам жах найменне.

Каб асновы

Навукі матчынай

Былі збэшчаны

Праз пакаленне?

 

І ўжо грубасць,

Як бруднай дзягаю,

Хрысціць душы —

Налева, направа.

Чалавечнае —

Пазаўвагаю,

Непавага другіх —

Забава.

 

І ўжо... доўжыць «ужо» —

Справа марная.

Ўсё радзей

Дабрыня людская.

Чалавечнае, элементарнае,

Продкаў спадчына

З нас знікае.

 

Чалавецтва

Ўсяго пабачыла,

Доля ўсіх пакаленняў

Ліхая.

Эвалюцыя ж

Сёння страціла

Гонар свой —

Нас назад піхае.

 

Рэвалюцыя...

Эвалюцыя...

Чым прад імі

Пакорліва легчы,

Можа б бруднае ў нас,

Жывучае,

Назаўжды

Ад душы адсекчы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.