epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Што падкажаш мне, Ісусе?

Свет складаны, свет вялікі —

Падалося мне ці не,

Быццам бы Ісус паклікаў

У бязмежны свет мяне.

 

Да кутá, да абразоў я,

Прад Ісусам стаў, прыціх.

На мяне глядзіць з любоўю

Моўчкі ён, як і на ўсіх.

 

— Што падкажаш мне, Ісусе?..—

Зноў аднекуль зык ідзе:

— Лепш Радзімы-Беларусі

Ты не знойдзеш анідзе.

 

Тут твой блізкі і далёкі

Свет сяброў, калег, радні.

Тут твайго жыцця вытокі —

Святы, страты, карані.

 

Я крыжом сябе абхры́сціў

І паслаў на кут паклон.

І з бязвыйсця знойдзе выйсце

Бог адзіны — толькі ён.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.