epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Што піць?

Наконт пітва

Вядомая братва

Запхне мяне за пасак

Адной левай.

І тым не менш,

Я буду вельмі рады,

Па-дылетантску

Даць свае парады.

 

*

 

Не піце вы —

Няхай яго магіла,

«Чарніла»

Яго гатуюць,

(У штаны б ім солі)

Абы з чаго,

А цэны аж да столі.

Было калісьці!!!

«Фаусты», «Буслы»

Ці «Сонцадары»

Упрыгожвалі сталы.

Я памятую —

«Сонцадар» з «Буслом»

З прыемнасцю

Піліся за вуглом.

Было яшчэ тады

За рубель два —

О, маць!

Яно пілося,

Як за рубель пяць.

А сёння што?

«Чарніла», як бурда —

Не піце, спадары ці... гаспада!

Што да гарэлкі —

Вадкасць не благая,

Адно благое ў ёй —

Цана кусае.

Кан’як...

Што ж у бутэльцы той?

Загадка.

Яго і выпіць хочацца,

І гадка,

Бо кан’які, у большасці,

Падробка,

Глынуў кілішак

І — амінь, і — кропка.

Кан’як, нібы

Прыгожая суседка,

Прыцягвае ён,

Вабіць этыкеткай.

І нават, калі купіце нармальны,

Не піце той кан’як,

Хоць натуральны.

І не таму,

Што пахне ён клапамі,

Кан’як — не сябар нам,

Мяркуйце самі —

Калі, як кажуць,

Гэты плод укусіш,

Штаны апошнія

Закласці мусіш.

Лікёр —

Як з цукрам чай,

Відаць здалёку.

Яго ці піў, ці не —

Не ў водным воку.

А ром гарчыць,

Як жонка пасля шлюбу.

Ды ну яго, той ром

І тую Кубу.

Шампанскае —

Для форсу, для паказу.

Туды, ў яго

Напампавалі газу.

Увесь той шык,

Што срэбная галоўка,

Была даўней

Не горшай газіроўка.

Капейка — без сіропа,

Тры — з сіропам,

Далёка да яе

Усім Еўропам.

А вось да самагонкі

Я з павагай,

А як духмяна пахне

Бочка з брагай.

Пад ёй агонь гарыць

Пасалавела.

За брагай сочыш,

Каб не падгарэла.

Затым — кап... кап...

Па кроплі, не цячэ.

А як пяршак

Бадзёрыць і пячэ!

Ад самагонкі

Не баляць галовы,

Адна праблема ёсць,

Каб участковы

Не ўнюхаў,

Гэты баль не сапсаваў

І барматуху

Не канфіскаваў...

Ну, вось і ўсё,

Заканчваю тыраду,

Галоўнае — не піце да упаду,

А як вучыў калісьці Нэру —

Піце ў меру.

Бывайце ўсе!

Ну а цяпер, пайшоў я,

Калі што ёсць —

Глыніце на здароўе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.