epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Што такое вясна?

Сядзелі дзед і дзед на лаўцы —

двое.

Адзін сказаў:

— Вясна ўжо на двары...

— Вясна прыйшла?

А што гэта такое?

У першага спытаў другі стары.

 

— Ты што, вясны не ведаеш?

— Забыўся...

Калісьці ведаў, а цяпер вось — не.

Тут першы дзед

ледзь з лаўкі не зваліўся:

— Ці ты здурнеў?

Ці гэта сніцца мне?

 

— Дык, можа, нагадаеш, растлумачыш? —

Да першага звяртаецца другі.

— Вясна тады,

калі ты дзеўчын бачыш,

Танюткі стан,

дзве стройныя нагі.

 

Калі, струхнелых нас,

іх вусны вабяць...

— А жонкі як?

Якая ім цана?

— Ды жонкі яшчэ горай нас абабяць,

Там, побач з імі,—

восень, не вясна.

 

Раптоўна дзед другі

спыніў гамонку:

— Памог ты!

Дзякуй!

Успаміны п’ю!

Пайду я лепш дамоў,

зірну на жонку,

Хай восень там убачу — ды сваю.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.