epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Што з намі?

Глядзіш навакол —

і дзівішся,

Грамадства —

сцяна сцяною.

Няўжо ад людзей

не пажывішся

Спагадаю,

Дабрынёю?

 

Хтось жорсткі

ці абездухоўлены,

А хтосьці — крутыя

так званыя,

А нехта нямы,

як замоўлены —

Усе — наэлектрызаваныя.

 

Адно на другога —

гыркаюць,

Нястрыманасці —

Цунамі.

Што гэта за час

раздрыганы

Ці што гэта

робіцца з намі?

 

Ад працы й бясхлеб’я

не згорбленыя

Апрáнутыя

Па модзе,

Дагледжаныя,

Адкормленыя —

Апамятайся, народзе!

 

Дык што ўжо —

жыццё заможнае,

На руху да шчырасці —

Путы?

Няўжо пакаленне кожнае

Павінна прайсці

Праз пакуты?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.