epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Стол № 12

Дзеда Анісіма нечакана запрасілі на пасяджэнне праўлення калгаса.

— Вырашылі мы, шаноўны Анісім Восіпавіч, бясплатна, за кошт калгаса, накіраваць вас у калгасны санаторый! — урачыста і прылюдна абвясціў старому старшыня калгаса.

— За што гэткая ласка? — здзівіўся дзед.

— Вы, Анісім Восіпавіч, можна сказаць, аддалі жыццё калгасу, вось калгас і пачынае вяртаць запазычанасць сваім першапачынальнікам.

— Яно-то дзякуй за ласку,— прыклаў руку да сэрца дзед,— але ж я са сваёй жонкай, з Параскай, ад ранняй маладосці і да сівой старасці разам пад калгасам былі...

— Ведаем! Ведаем, дарагі Анісім Восіпавіч! Усё нам вядома! Але ж пакуль бясплатна мы не здольныя санаторыць адначасова дзве галавы ад адной хаты. А па-другое, калі скласці тона-кіламетры, якія накруціць аўтобус туды-назад, ды харчовыя калорыя-кілаграмы за дваццаць чатыры дні ў санаторнай сталоўцы, ды ўрачэбна-працэдурныя паслугі, зноў жа за 24 дні, ды яшчэ розныя там кіназабаўляльныя вечарыны — вось вам, шаноўны Анісім Восіпавіч, і ўся бухгалтэрыя. Параску вашу мы ахопім іншым разам, а цяпер — вось вам пуцёўка!

Наступным днём дзед Анісім сядзеў у аўтобусе і намотваў тона-кіламетры ў кірунку калгаснага санаторыя.

Дзеда сустрэлі, памылі і, як кажуць, спаць уклалі.

— А я, дурны, варажыў: ехаць ці не,— крактаў дзед, уладкоўваючыся на чыстай пасцелі ва ўтульным пакоі,— адлежуся тут ды адасплюся ад гаспадаркі і жончынай звягі.

І дзед Анісім, што рэдка бывала раней, адразу салодка і глыбока заснуў, пахрапваючы ды пасвістваючы носам.

Раніцай, яшчэ цёмна было ў вокнах, дзед спужана падскочыў на ложку ад звонкага і бадзёрага жаночага голасу:

— Прачынаемся! Паднімаемся! Паспалі — хопіць! Змяраем тэмпературку! Вось бутэлечка — здаём аналіз! Хутчэй! Кратайцеся!

Дзеду Анісіму падалося, што ён толькі хвілінку як лёг. Галава была цяжкая, вочы зліпаліся.

— Якая тэмпература? Я здаровы! — спрабаваў пярэчыць стары, але звонкі голас у белым халаце яшчэ больш пазванчэў:

— Не размаўляць! Выконвайце распарадак! Вас яшчэ чакае шмат працэдур і дактароў да снедання!

Дзед уздыхнуў, ткнуў пад паху градуснік і паслухмяна пайшоў з пасудзінай у туалет. Там ён жахнуўся:

— У нас у краме па хлеб меншая чарга, чым тут па патрэбе!

Пасля гэтага дзеда павялі па розных кабінетах, дзе яму зазіралі і ў вушы, і ў нос, і ва ўсё астатняе, а напаследак прымусілі глытаць нейкую гумавую кішку.

Нарэшце, у апошнім кабінеце, дзеду абвясцілі:

— Запомніце, ваш стол нумар дванаццаць!

Прыйшоўшы ў сталоўку, дзед пакруціўся між сталоў і быў сабраўся выходзіць, але афіцыянтка здзівілася:

— А вы што, не будзеце снедаць?

— Чаму не? — адказаў дзед.— Я, здаецца б, сабаку з’еў пасля ўсёй муштры! Але ж мой стол нумар дванаццаць, а тут бачу толькі дзесяць сталоў... А дзе будзе мой?

Афіцыянтка засмяялася:

— Мілы чалавек! Вы нумар свайго стала трымайце ў галаве, а садзіцца можаце за любы — у кожнага нумара стала сваё меню. Дванаццатаму сталу сёння, напрыклад, на снеданне манная каша і чай. Смачна есці!

Дзед Анісім паторкаў відэльцам у кашу, якой і кату на зуб не хапіла б.

— А дзе сала з бульбай? Дзе яешня? — папытаўся ён у дзяўчыны, але тая абслугоўвала іншых санаторнікаў і на старога не звяртала ўвагі.

Пасля снедання галоднага дзеда Анісіма да абеду цягалі то на рэнтген, то на ўсякія ...графіі ды ...скапіі.

Ледзь прыклыпаў стары да свайго ўтульнага ложка, бухнуўся ў пасцель, але адчыніліся дзверы і той жа звонкі голас разануў па вушах:

— Уставайце! Весялей! Абед чакае!

Слова «абед» надало старому сілы, бо ў жываце адчуваліся рэзі ад голаду.

— Дванаццаты стол? — спыталася ў сталоўцы афіцыянтка.— Так, што сёння вашаму сталу на абед?.. У вас — булённы адвар і паравая катлетка. Толькі без хлеба! Хлеб вам забаронены!..

Дзед, які ўсё жыццё любіў папрацаваць, любіў і пад’есці, толькі раздражніў гэтым абедам свае рэзі ў жываце.

— А што хоць будзе на вячэру? — не стрымаўся дзед і звярнуўся да афіцыянткі.— Есці дужа хочацца...

— На вячэру дванаццатаму сталу будзе шклянка кефіру! — бадзёра адрапартавала дзяўчына.— А тое, што вам хочацца есці, дык гэта спачатку — прыкладна на дзесяты дзень прывыкнеце і нават не ўсё з’ядаць будзеце!..

Пасля вячэрняга кефіру ўсіх адпачывальнікаў павялі ў клуб на культурна-аздараўленчую праграму.

— Можна, я лепей паляжу,— узмаліўся дзед Анісім,— я стаміўся, я — стары чалавек, я галодны...

— Мы вас хутка амалодзім! — звонка зазвінеў чарговы белы халат.— Не парушайце рэжыму, дзядуля,— у клуб марш!

Дзед не хацеў нічога парушаць, таму паслухмяна накіраваўся ў клуб амалоджвацца.

У клубе раўла музыка, якую праз мікрафон перакрыкваў нейкі брытагаловы хлопец у чырвоным пінжаку:

— Так, шаноўныя калгасныя дамы і спадары! Прыбадзёрцеся, усміхайцеся і станьце кругам! Так, малайцы! Цяпер вазьміцеся за рукі і — пайшлі ўлева! Пад музыку, весялей! Цяпер у такт мелодыі скачам на правай назе. Малайцы! Цяпер у той жа такт скачам на левай назе.

Старому, якому цяжка было стаяць на дзвюх нагах, даводзілася з апошніх сіл скакаць на адной.

Мікрафон працягваў перакрыкваць музыку:

— Цяпер ідзём управа! Паднімаем рукі ўгару і пляскаем у далоні...

Абяссілены дзед Анісім падняў рукі і страціў раўнавагу. Каб не паваліцца, ён зачапіўся за нейкую жанчыну і абвіс на ёй.

Масавік у чырвоным пінжаку падскочыў да старога:

— Толькі не гэта! Абдымацца, дзед, будзеце ў іншым месцы! Сорам!..

Далей дзед Анісім нічога не памятае. Ён зноў ускочыў з пасцелі, калі ў вокнах было яшчэ цёмна. У вушах звінела:

— Устаём! Змяраем тэмпературку! Вось бутэлечка для аналізу!

У сталоўцы афіцыянтка весела ўсміхнулася:

— Дванаццатаму сталу сёння нічога не будзе!

— Як нічога?! — спалохаўся дзед.— Дайце хоць той кашы з чаем!

— Не, не і не! — катэгарычна занекала афіцыянтка.— У вас сёння і заўтра галодныя дні, бо паслязаўтра вам будуць рабіць ачышчальную клізму.

— Што-о? — выцягнуў дзед шыю.— Ды вы мяне і так пасадзілі на ваду, нават без хлеба...

— Заўтра,— удакладняе афіцыянтка,— вам якраз вады і дадуць. Трэба будзе выпіць цэлы трохлітровы слоік яе... Вам прамыюць страўнік.

— Прамыюць ад чаго? — ускочыў стары.

— Вы нічога не разумееце ў медыцыне,— супакойвала дзеда дзяўчына,— у вас там за жыццё назбіралася...

— Хопіць вам у сталоўцы пра клізму! — абурыліся астатнія.— Дайце пад’есці спакойна!..

Праз тыдзень дзед Анісім з палёгкай адчыніў дзверы сваёй хаты.

— Аніська, ты? — здзівілася жонка.— Табе ж яшчэ адпачываць ды адпачываць! А які ты схуднелы і зжаўцелы — што здарылася?

— Дай хутчэй есці! — закрычаў дзед і, пакуль старая рупілася ля печы, бясплатны санаторнік, не распранаючыся, смачна захроп на сваім утульным ложку, мармычучы скрозь сон:

— Мой стол нумар дванаццаць... Мой стол нумар дванаццаць...



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.