epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Страх

Мы — дзеці не сонца, а ночы.

Хто скажа — ці вернецца дзень?..

У страха вялікія вочы

І ўсёпаглынаючы цень.

 

Яго не прагнаць адным махам,

Бо жыў шматмільённы народ

Пад страхам нібыта над дахам,

Нібыта пад жудасным гмахам

Амаль што стагоддзе — не год.

 

За доўгія дзесяцігоддзі

Не меншыўся груз на плячах,

А большыўся, жыў у народзе

Драпежны, пражэрлівы страх.

 

І людзі баяліся збочыць,

І страх распаўзаўся па іх,

Баяліся вочы — у вочы,

Баяліся думак сваіх.

 

А цемра — хоць выкалі вока,

А страх людзям сэрцы смактаў.

І толькі аднекуль звысоку

Ці брэх, ці то крык далятаў:

 

— Зямля — сялянам!

— Фабрыкі і заводы — рабочым!

— Мір — народам!..

 

Хлусня гэта пахла злачынствам,

І кожны адчуў нездарма,

Што за «пралетарскім адзінствам» —

Галеча, жабрацтва, турма.

 

І страх адчувалі мільёны,

Баяліся роднай зямлі.

Тады за «шнуры» і загоны

Сялянства знішчаць пачалі.

 

Жыцця на зямлі не давалі

(А зверху брахаў правадыр),

Людзей ад зямлі адрывалі,

Народы зганялі, ссылалі

Раптоўна, гвалтоўна ў Сібір,

 

Ажно распаляліся рэйкі...

А тым, хто прыціх у цяні:

Рабочым — адныя капейкі,

Сялянам — адны працадні.

 

Жылі селянін і рабочы —

Hі крок, ні паўкрока ў бакі...

У страха вялікія вочы,

У новай улады — штыкі.

 

*

Адзін, нават самы рашучы,

He здольны рашыць усяго...

Адольфы, Іосіфы, Дучэ —

Ахвяры дыктату свайго.

 

Дыктат — гэта краху прадвеснік,

Ды, часам, адцягваўся крах,

Бо быў у дыктата намеснік —

Надзейны, правераны страх.

 

І страх не сустрэў перашкодаў,

Калі з дня на дзень, з году у год

Бязлітасны «бацька народаў»

Знішчаў свой уласны народ.

 

Дзяржаву трымаў пад абцасам,

З дзяржавы вяроўкі круціў

І ёй кіраваў, як калгасам,

Якіх наствараў, напладзіў.

 

Ды лопнула гнойная скула,

Хвароба жахлівых гадоў.

І гэтае ліха мінула —

Сканаў уладальнік вусоў.

 

Пракляты ахвярамі тройчы,

На кожнае мове — праклён...

У страха вялікія вочы —

А што калі вернецца ён?

 

А што, калі новыя хвалі

Усіх нас крывёй заліюць?

Бо сёння і Гітлера хваляць,

І Сталіну гімны пяюць.

 

*

Трашчэлі мазгі ад здагадак:

Ці праўда, ці гэта я сню,

Што «канстытуцыйны парадак»

На танках вязуць у Чэчню?

 

Вязуць, каб ад вольнай дзяржавы

Не збег ні адзін чалавек...

А потым ад бойні крывавай

Жахнуўся шмат бачыўшы век.

 

І страшна ад думкі-маланкі —

Куды нас дарогі вядуць?

А што, калі нечыя танкі

«Парадак» і ў нас навядуць?

 

А што, калі нехта ўбачыць

І ў нас вальнадумства грахі

І сілай пачне перайначваць

І нашы «нізы», і «вярхі».

 

А робіцца гэта ўсё проста —

Пад страхам «сумы і турмы»

Мы буферам сталі, фарпостам,

Ахвяры, заложнікі мы.

 

Фарпост — вось і ўся незалежнасць,

Hі крок, ні паўкрока ў бакі...

Няўжо гэты лёс — непазбежнасць?

Няўжо гэты страх — на вякі?

 

*

Напэўнае, чулі і дзеці,

Што моц здольна страху служыць —

Хоць слон самы дужы у свеце,

А ён перад мышшу дрыжыць,

 

Раве перад ёю, трасецца,

Аж вочы вылазяць на лоб.

Ад шэрай і мокрага месца,

Каб слон толькі чхнуў, не было б.

 

Ды не! Слон на мыш не наскочыць,

Хоць бі па хвасце бізуном...

У страха вялікія вочы —

І скаліцца мыш над сланом.

 

*

Мінулае вучыць, прарочыць,

А мы — як сляпое дзіця.

У страха — вялікія вочы,

І ён — разбуральнік жыцця.

 

Заўжды чалавек быў няшчасны,

Хто ценю баяўся свайго.

А чорт не такі ўжо і страшны,

Як, часам, малююць яго.

 

Таго не пужаюць дарогі,

Хто выбраў свой шлях, далягляд,

На сонца глядзіць, не пад ногі,

Наперад глядзіць — не назад.

 

І тыя жыцця не баяцца,

Хто здольны і ў цёмнай начы

Над страхам сваім пасмяяцца,

Прагнаць яго, перамагчы.

 

Былое — памылка чужая,

Мінуламу — мы не указ.

Былое няхай не пужае,

А вучыць, спалоханых, нас.

 

Гавораць: — Што хочуць, то й бачаць,

Хто — ноч, а хто — мора святла...

Гісторыю — не перайначыць,

Якаю б яна ні была.

 

*

Не, страх —

ён далёка не штучны.

То ўдалечы ён,

то — за крок.

А людзі —

прылежныя вучні,

Іх гены

засвоілі ўрок.

 

Вунь гром —

з Уладыкам гутарыць.

Далёка!

Які ўжо тут страх?

Маланка ж —

знянацку ударыць —

Не тое, каб збегчы,

прышпарыць,

А часу не будзе на «Ах!»

Сярод успамінаў, бяседаў

Сівых ветэранаў вайны

Гучала:

— Хто страху не ведаў —

Найперш палягалі яны...

 

Бясстрашных няма —

ёсць гатоўнасць

Імкнуцца да мэты —

праз страх.

А смеласць

праз страх — рызыкоўнасць

І самаахвярнасць —

праз страх.

 

Страх стрымлівае

звышадчайнасць,

Бо й рызыка

ломіць вясло.

Страх студзіць

экстрым-безагляднасць,

Ды лепш бы

яго не было!

1999


1999

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.