epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Страшны суд

І хто прыдумаў Страшны Суд у Бога?

Каго ён напужае, гэты жуд?

Чаго ў труне баяцца? Анічога!

Я згодны «там» — хоць кожны дзень пад суд.

 

О, каб ён быў! Той суд не быў бы лішні!

Ляцеў бы пух і прах з душы крывой.

З дурных галоў кароны б зняў Ўсявышні,

А ў некаторых — разам з галавой.

 

Падняў бы Страшны Суд усіх на вілы,

Хто на зямлі ганебны суд вяршыў.

І мне ўваліў бы Бог, абсек бы крылы —

Які з мяне анёл, калі грашыў?

 

Караў бы ён, на таленты няўклюдных,

А вось да славы — спрытных, крыкуноў.

Судзіў бы ён так званых непадсудных

І ўсіх прыстасаванцаў-лізуноў.

 

Ды ну яго, той суд недасягальны,

На жаль, ніколі нам не стаць прад ім.

Ёсць на зямлі свой Страшны Суд — рэальны,

Перад якім мы кожны дзень стаім.

 

Дарэмны пакаянні і маленні,

Ён непадкупны, як няспынны час —

Найвысшы суд — суд нашага сумлення —

Ён і прысуд, і камертон для нас.

 

Ён вочы ў вочы — і не адкруціцца,

І ад яго не кінешся наўцёк.

Асцерагае ён уніз каціцца,

Дапамагае не хіснуцца ў бок.

 

Хістаемся і коцімся, бывае,

Тады ў душу змяёю змрок паўзе,

Баліць душа — калі яна жывая,

Не спіць сумленне — дзень і ноч грызе.

 

Не праўда, што насільнік ці забойца

Спакойна спіць — маўляў, пры чым я тут?

Хоць перад смерцю ён Святую Тройцу

Успомніць — над сабой учыніць суд.

 

Яго сумленне прыме лік іконы

І пакаяннем сэрца закране.

Так, можна абмінуць суды, законы,

А вось сябе ніхто не абміне.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.