epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Стрэл дуплетам

Ужо сцямнела, калі Юзюк вяртаўся з палявання. Не пашанцавала яму сёння, і ад гэтага на душы было мутарна. Ведаў, што ў хаце галеча-пустэча і посны булён можна затаўчы толькі дзічынай - хоць птушкай, хоць зверам. Але і дзічына не дурная, яна самахоць у гаршчок ці на патэльню не скоча.

Да хаты заставалася зусім блізка - апошні паварот лясной дарогі - і дома.

Перад самым паваротам Юзюк насцярожыўся - вуха ўлавіла шоргаты і сапенне. Ён спыніўся і падаўся ўсім целам наперад, углядваючыся ў шэрань змяркання, якая размазвала ўсё і паглынала. На дарозе нешта вялікай плямай корпалася і краталася.

Дзік! - мільганула маланкай здагадка.

Юзюк ліхарадкава сарваў з плячэй двухстволку, памятаючы, што ў ствалах буйная, якраз на дзіка, карцеч, ускінуў ружжо, прыцэліўся і бабахнуў. Сэрца тахкала так моцна, што стрэл падаўся ціхім і бяскрыўдным, як пляскат далоняў. Порах быў бяздымным, і Юзюк з радасцю ўбачыў, што дзік на месцы, - значыцца, не прамазаў.

Сціскаючы стрэльбу, скочыў некалькі крокаў наперад і спыніўся, прыслухаўся. Сапення не было, і шоргаты сціхлі...

А калі паранены і затаіўся! А калі гэта сякач, які адным узмахам галавы распора жывот, як старую наўлечку! Не! Трэба для надзейнасці ўлупіць дуплетам з другога ствала!

Юзюк склаўся і, ледзь стрымліваючы дыханне, лупянуў з другога ствала, з бліжэйшай адлегласці. Пляма не варухнулася.

Цяпер ужо без ваганняў сарваўся з месца і кінуўся да здабычы.

 

* * *

 

Хата Тадэвуша Крумкача стаяла ля самага лесу, воддаль ад астатніх хат. Месца было маляўнічае, пагоркавае, лашчылі вока бязмежныя хваёвыя лясы, аздобленыя бярозавымі гаямі, трапяткімі асіннікамі і разважлівымі дубамі, многія з якіх уладкаваліся на чыстым месцы, бліжэй да вёскі, як тыя волаты-вартаўнікі. Але вартаваць і бараніць вёску Кладкі не было патрэбы, бо ніхто ёй не пагражаў, акрамя запусцення і беднасці. Ды і вёскай яе можна назваць з нацягам, прыплюснуўшы адно вока, - нейкіх сем двароў, сярод якіх чатыры - для дачнікаў, а толькі тры сям'і тутэйшыя, карэнныя.

Калгас пад націскам агульнадзяржаўнага ўпадку паступова сціскаўся, адступаў бліжэй да цэнтральнай сядзібы, пакідаючы неперспектыўныя вёскі і пасяўныя плошчы вакол іх на міласць здзічэння і вымірання.

Некалі глухая вёска Кладкі хутка ператварылася ў забытую Богам і ўладамі. Мясцовыя жыхары сумна жартавалі:

- Пара ўжо Кладкі змяніць на Клады...

Тадэвуш Крумкач з жонкай адпрацавалі сваё ў калгасе і цяпер без дыскамфорту дажывалі свой век у хаце, якую колісь пабудаваў сам гаспадар на зямлі, якая была сведкай усяго іх жыцця.

Так ужо здарылася, што сам Тадэвуш і пяць ягоных сыноў, далікатна кажучы, заглядвалі ў чарку. Любіла выпіць і яго жонка Клаўдзя. Ды і ўвогуле цяжка сёння знайсці такога чалавека ў вёсцы, які б не ўлягаў у гэта.

Яшчэ ў прыкалгасны час багацце ў гаспадарцы Крумкача было тое ж, што і сёння, - ні каровы, ні парасяці, ні курак. Жылі і тады - з плеч у печ. Праўда, бульбу садзілі заўжды, бо каб не яна - зімой павыміралі б з голаду.

Вось чаму паляванне, дакладней, браканьерства круглы год пазбаўляла бульбу на стале ад адзіноты. Нейкая скабчына, нейкая скварчына часцяком завітвалі ў хату да Крумкача. Гэтаму спрыялі багатыя на дзічыну лясы.

Тадэвуш і Клаўдзя былі людзьмі сціплымі, нават добрымі, нікому, як кажуць, з нагамі ў горла не лезлі, нікога не абразілі, не зняважылі. Вып'юць, калі перападзе, - і ў сваю хаціну.

Дзеці пайшлі ў бацькоў - не злодзеі, не прайдзісветы. Яны разыходзіліся зранку па вёсках, дапамагалі адзінокім бабам і ўсім тым, хто прасіў нешта ўзараць, скасіць, парэзаць і пашчапаць. За працу бралі толькі гарэлку, якой іх і частавалі і давалі ў дарогу.

Нехта адзін ці з сынам, пры неабходнасці, цягнуліся ў лес з ружжом на пошукі паляўнічага шчасця.

Такім чынам, лад жыцця гэтай сям'і быў адрэгуляваны і прыцёрты да сучасных абставін.

Людзі з навакольных вёсак прывыклі да безадказных і рэдка цвярозых Крумкачовых сыноў, не баяліся пускаць іх у хату, запрашалі, бывала, да чаркі і без іх працы. Спачатку дзівіліся толькі аднаму: ніводны з хлопцаў, а самаму сталаму пераваліла за сорак, не быў жанаты. Потым і гэта акалічнасць перастала хваляваць. Хлопцы як хлопцы - добрыя, працавітыя...

Менавіта сёння самы малодшы з Крумкачоў - Юзюк, якому споўнілася дваццаць тры гады, вяртаючыся дахаты, стрэліў дуплетам па дзіку.

Падскочыўшы да цёмнай плямы, Юзюк нічога не зразумеў. Ён настолькі быў упэўнены ў сваёй паляўнічай удачы, што, акрамя дзіка, нічога і нікога не ўспрымаў.

Першае, што ён адчуў, калі ўбачыў на дарозе скручаную постаць чалавека, быў не страх, а аслупянелае здзіўленне. І толькі ў наступны момант востры, пранізлівы холад прабег па яго целе, ператвараючы сэрца ў кавалак ільду.

Чалавек?! Адкуль? Як? Юзюк не мог крануцца. Чорная постаць нерухомага чалавека выглядала жахліва і злавесна.

Хлапец хацеў закрычаць, кінуцца наўцёкі, але сіл хапала толькі на тое, каб утрымацца на змякчэлых нагах, не рухнуць побач з гэтым страшным чалавекам.

Токам ударыла думка, якая вярнула да рухавасці: а можа, жывы!

Пакуль рукі мітусліва шукалі ў кішэнях запалкі, вусны ліхарадкава шапталі:

- Жывы, жывы, жывы, жывы...

Нарэшце запалкі знойдзены, і халодныя, дрыготкія пальцы пачалі нервова чыркаць па карабку. Запалкі ламаліся, пырскалі ў розныя бакі іскрамі і ніяк не хацелі гарэць.

І вось адна запалка ўспыхнула і высветліла твар скручанага на дарозе чалавека.

Юзюк балюча і працягла застагнаў - гэта быў яго брат Лявон.

 

* * *

 

Сямейная нарада не клеілася...

Спачатку Юзюк, ускочыўшы ў хату, толькі глуха і страшна стагнаў:

- Я забіў Лявона! Мама! Тата! Я Лявона застрэліў!

Маці ніяк не магла зразумець:

- Якога Лявона? Чыйго? Як застрэліў?

Бацька спаў і не мог прыйсці ў сябе ад выпітай гадзіну назад самагонкі, якую прынёс добра падпіты старэйшы сын Васіль і які зараз моцна пахрапваў на падлозе, падклаўшы пад галаву ватоўку.

- Якога Лявона? Чыйго-о?! - трэсла маці за плечы Юзюка, які валтузіў на ложку бацьку і стагнаў:

- Тата! Прачніся ты, я Лявона застрэліў! О-ой, тата!

Нарэшце да Клаўдзі пачаў даходзіць страшэнны сэнс Юзюкавых слоў.

- Сынок, ты што? Апамятайся! Нашага Лявона? За што?

Юзюк выціснуў:

- Нашага...

- Сынок! Сыно-о-чак! - аглушыў Юзюка матчын крык, і немагчыма было зразумець, да якога сына ляцела гэта страшнае «сыночак» - да Юзюка, да забітага Лявона ці да абодвух адразу?

Крык жончынай душы дапяў і да Тадэвуша, ён сеў на ложак, патрос у бокі галавой, адганяючы туман з мазгоў, і асалавела паглядзеў на жонку:

- Што?.. Ну што здарылася?..

Адказаў глуха і ціха Юзюк:

- Тата, я застрэліў нашага Лявона...

Клаўдзя падхапілася:

- Трэба людзей клікаць, доктара! Можа, жывы! Ну што ты сядзіш, як кол?!

- Ціха! - раптам крыкнуў на жонку Тадэвуш. У сына насцярожана запытаўся: - Як гэта магло здарыцца? Што не падзялілі?..

Юзюк скамечана і ўсхвалявана расказаў, як усё было, і выдыхнуў:

- Нежывы ён, мама... Ляжыць нежывы...

- Трэба клікаць нейкую дапамогу, людзей... - зноў ускочыла Клаўдзя, але Тадэвуш злосна шыкнуў:

- Дурань безгаловы! Ну, збяры людзей! Міліцыю пакліч яшчэ! І што? Лявона паднімеш? Балда! Не будзе ні Лявона, ні Юзюка - заканапацяць па самую плешку!

Тадэвуш рашуча ўстаў, уссунуў боты на босыя ногі, зняў з цвіка шапку.

- Паднімай Васіля! - закамандаваў Юзюку. - А дзе Грышка з Адолікам? - запытаўся ў жонкі.

- Яны ж недзе па вёсках працуюць... Маглі і заначаваць дзе...

- Заначаваць! - злосна паўтарыў Тадэвуш. - Нажыраюцца не ў меру ды поўзаюць ракам па гразі! Вунь, адзін ужо заначаваў!..

- Тата, Васіль не прачынаецца, толькі мармыча нешта, - паскардзіўся па-дзіцячы Юзюк.

- Кінь ты гэту падлу! - бліснуў бацька вачыма. - Няхай спіць, меней сведкаў будзе!.. А ты, - звярнуўся да жонкі, - бяры пасцілку і бягом за намі...

Мёртвае цела Лявона гойдалася і адцягвала пасцілку да самай зямлі, а калі нехта з мужчын у цемры спатыкаўся, цягнулася па дарозе.

Бацька ішоў першым, за ім, учарэпіўшыся ў рагі пасцілкі, старанна перабіраў нагамі Юзюк.

Усё адбывалася настолькі імкліва, што ён не разумеў, што з ім, дзе ён і што нясе?

За мужчынамі ішла Клаўдзя, ціха галасіла, церла рагом хусткі твар і нешта прыгаворвала.

Начная працэсія падышла да ганка і спынілася. Не згаворваючыся, мужчыны запалілі. Цяжка дыхаючы, Юзюк асцярожна спытаўся:

- А што далей?..

- У хату яго... Нясіце ў хату! - узмалілася Клаўдзя.

- Якую хату! - зноў шыкнуў на яе Тадэвуш. - Мала вачэй на свеце! Трэба тэрмінова закапаць! Толькі дзе? І каб язык з-за зубоў не высоўваўся!

Юзюка ад гэтых слоў зноў наскрозь апаліў жахлівы холад.

- А развітацца... А чаму ж так не па-людску? - галасіла Клаўдзя.

Тадэвуш апусціў галаву:

- І я не каменны... Усё атрымалася не па-людску - і жыццё, і смерць, і пахаванне...

Патаптаўся, зняў шапку і з цяжкасцю выдыхнуў:

- Я ж другога сына ратую... Развітвайся тут...

 

* * *

 

Вёску Застарычы аддзялялі ад Кладак восем кіламетраў, але і тут пра Крумкачовых дзяцей ведалі ўсе і ўсё. Ды што гэта за перашкода восем кіламетраў - паўтары гадзіны ходу?! А калі ідзеш па лесе, сярод чысціні і прыгажосці, паўтары гадзіны сціскаюцца да непрыкметнасці.

Гэта не горад, дзе за такі ж час наглытаешся і пылу, і смуроду, адурнееш ад машын, не кажучы пра тое, што натаўкуць табе локцямі і ў бакі, і ў грудзі, і ў плечы.

Юзюк па гэтай лясной дарозе хадзіў-перахадзіў столькі, што на яго перасталі звяртаць увагу вавёркі, якія раз-пораз перабягалі дарогу ці пырскалі з дрэва на дрэва. Не пужаліся ўжо і не паднімалі гвалт яго цёзкі па прозвішчу - чорныя крумкачы, чые гнёзды лапіліся да вяршынь магутных соснаў.

Усё, што ён бачыў, было такім родным і блізкім не толькі таму, што вырас сярод гэтай шчырасці прыроды, а і таму, што дарога гэта звязвала яго з дзяўчынай, захапіўшай яго думкі і сэрца.

Больш месяца пасля страшнага здарэння Юзюк не паказваў і носа ў Застарычы. Ён думаў, што ніколі ўжо не ўбачыць сваёй каханай, але пасля нечалавечых пакут, патаемных слёз і бяссонных начэй раптоўна пацягнула да яе. Хацелася хоць крыху ажывіць, сагрэць счарнелую і збалелую душу.

Ішоў Юзюк не шпарка, баючыся спаткання сваіх вачэй з яе поглядам. Што ёй сказаць? Як сябе паводзіць? А ці мае права ён, забойца, на чыстыя чалавечыя адносіны? Мала таго што галеча беспрацоўная, дык яшчэ і злачынец...

Алена, да якой ішоў Юзюк, раней некалькі разоў намякала на тое, што пасля іх вяселля ён пераедзе жыць у Застарычы і будзе працаваць у суседняй калгаснай брыгадзе, да якой усяго тры кіламетры. Юзюк моўчкі пагаджаўся, бо і сам у душы прагнуў наладзіць жыццё, як у нармальных людзей.

Ідучы па Застарычах, Юзюк не першы раз чуў за сабой жаночае:

- Ой, парушаць Крумкачовы хлопцы сваю халасцяцкую вольніцу! Ой, парушаць! Ой, хутка грымне вяселле! Ой, вусы свярбяць!..

Але грымнула зусім другое, і пра вяселле Юзюк не мог нават думаць.

 

* * *

 

Жыццё ў Крумкачовай хаце, паля таго як не стала Лявона, змянілася.

Юзюк у рот не браў гарэлкі і ўсякіх крэпкіх напояў, зрабіўся маўклівым, пазбягаў глядзець бацьку ў вочы. Цішком шмыгаў праз лазнічок на залысінку - пагорак сярод бярэзніку, і тут, ля месца пахавання брата, гадзінамі сядзеў не кратаючыся, быццам гэта быў не ён, а застылы жывы помнік.

Нябачная магіла прыцягвала яго, хаця і выклікала ў сэрцы нясцерпны боль...

Маці дома, пры выпадку, кранала яго рукой і цішком супакойвала ці то сябе, ці то Юзюка:

- Трэба жыць, сынок... Трэба жыць...

Бацька як піў, так і працягваў піць. Маўчаў, паліў. Да магілы Лявона - ні шагу.

Грышка з Адолікам час ад часу, працверазіўшыся, пыталіся:

- Дзе гэта Лявон? Ён што, прыжыўся дзе-небудзь ля спадніцы?..

- Можа, і прыжыўся! Вам што? - гыркаў бацька.

- А дзе ружжо? На паляванне б сцягацца, мяса ўжо сніцца пачало, - зноў дапытваліся браты.

Бацька гэтак жа злосна абсякаў:

- Няма болей ружжа! Мышы з'елі! Сапсавалася - вось я і выкінуў яго, каб не пакалечыліся, дурні...

Болей не было каму шукаць Лявона ў гэтай глухамані. А нават каб і схапіліся - шукай іголку ў стозе сена! Ведалі навакольцы, што басцяліся хлопцы самапасам, маглі начаваць там, дзе валіла іх з ног гарэлка - хоць у лесе, хоць на балоце...

Помнілі і тое, што было ў Крумкачоў шэсць сыноў, але той шосты, Вацік, памёр недарэчна і ў муках, калі яму споўнілася толькі трыццаць гадоў.

Напіўся ён неяк зімой па самую завязку і ехаў з другой вёскі дамоў у запрэжаных санях. Заснуў Вацік на ахапку сена, ногі з саней звесіліся, і з адной нагі ссунуўся валёнак. Мароз быў страшэнны, ажно дрэвы пастрэльвалі - трэскаліся, не вытрымлівалі.

Конь - жывёліна разумная, ён прывёз бы Ваціка дамоў, але лейцы цягнуліся па снезе і зачапіліся за нейкі корч.

Так і стаялі яны ноччу, дакладней, стаяў бедны конь, а небарака Вацік ляжаў і храпеў на санях. Калі ж ён крыху прыйшоў у сябе, адблытаў лейцы і пагнаў каня да ратавальнай хаты - было позна. Вушы, шчокі, нос адышлі, памянялі толькі скуру, а вось нага счарнела, распухла.

Колькі бацькі ні гналі яго да дактароў, ён аднекваўся:

- Баюся! Можа, само пройдзе...

Упёрся, як баран у слуп, і сядзеў на печы, думаў, адагрэе нагу і кроў пабяжыць па ёй па-ранейшаму.

Але пухліна і чарната праз тыдзень палезлі вышэй, і пачалася гангрэна. Ужо і нагу даўся адрэзаць, але было позна...

Памяталі гэта людзі, ведаў пра гэта і ўчастковы міліцыянер, таму пошукі Лявона, каб яны пачаліся на афіцыйным узроўні, ператварыліся б у фармальныя адпіскі.

 

* * *

 

Прайшло больш года з таго часу, як разарваў цішыню сцямнелага лесу той ракавы дуплет.

Юзюку здавалася, што адна карцечына нейкім чынам трапіла ў яго сэрца, і хоць рана аказалася не смяротнай, але і не думала зажываць.

Заядала думка: нават крыжа на магіле няма... Труны і той не заслужыў - накрылі пасцілкай, як...

А больш усяго дапякала хуткае яго вяселле з Аленай. Адносіны з ёй наладзіліся, бацькі яе былі не супраць Юзюка, хаця злосныя языкі абмывалі Крумкачоў «дабрабыт» удоўж і ўпоперак.

- Ну што ты такі сумны, Юзька? - дапытвалася Алена. - Неабходнае нажывём, лёс адбудуем... Каханне ўсяму дапаможа...

- Не гэтага я баюся... - выдыхаў Юзюк. - Не гэта хвалюе...

Старыя Крумкачы, пачуўшы пра сынавы намер, узрадаваліся. Узрадаваліся, як і ўсе бацькі радуюцца дзіцяці шчасцю. Але яшчэ больш таму, што з'яўлялася магчымасць адвесці ад сынавага сэрца чорную хмару нечаканай трагедыі. Спадзяваліся, што новае месца, новыя клопаты, а там, дасць Бог, і дзеці вернуць яго да жыцця.

Спадзяваўся на гэта і сам Юзюк, але чым менш часу заставалася да рэгістрацыі шлюбу ў сельсавеце, тым мацней краталася «карцечына»ў сэрцы хлопца.

І вось Юзюк зноў крочыў па лясной дарозе ў бок Застарыч. На гэты раз хада яго была рашучай, ён не заўважаў нічога - ні прыгажосці, ні сваіх сябровак вавёрак, ні птушак.

З кожным крокам яму здавалася, што ён паступова выходзіць з цемры, з пакутаў, хаця ішоў насустрач няведама чаму.

Юзюк круціў і пракручваў у думках бацькавы словы, які сёння падышоў першы раз за мінулы год з напамінаннем пра тое забойства.

- Выкінь, сынок, з галавы... Ці ж ты хацеў гэтага? Яго не вернеш, а ты ўратаваўся ад турмы...

Не, Юзюк увесь гэты час не выкідваў з галавы нічога, не заглушаў боль у сэрцы, не шукаў уцехі, а наадварот, толькі і думаў пра гэта, толькі караў сябе і адчуваў, што так яго жыццё працягвацца не можа.

«Эх, тата, - думаў Юзюк, - ад турмы ты мяне ўратаваў... Ці ж магчыма ўратавацца ад самога сябе?..»

Алену здзівіў і напужаў выгляд Юзюка.

- Што з табой, Юзя? Я цябе ніколі такім не бачыла. Ты што... перадумаў?..

Юзюк ледзь стрымліваў сябе, голас дрыжаў:

- Аленка! Я хачу папрасіць у цябе прабачэння... Мы павінны... Я абавязаны...

Алена спыталася больш настойліва, з трывогай у вачах:

- Дык ты перадумаў?! Так? І што, вяселля не будзе?..

Юзюк ціха пацвердзіў:

- Вяселля хутчэй усяго не будзе... А магчыма, яно адкладваецца... Усё цяпер будзе залежаць ад цябе.

- Што ўсё? Што ты надумаў? Я нічога не разумею!..

Юзюк узяў яе за рукі і сціснуў іх.

- Прашу цябе, не пытайся больш нічога... Пра ўсё даведаешся хутка сама. Я не магу табе болей нічога сказаць. Не магу! Язык дзеравянее. Помні толькі адно: я кахаю цябе! Цябе адну!..

Юзюк пусціў яе рукі і крутнуўся, каб ісці.

- Куды ты?! - хутчэй крыкнула, чым спыталася дзяўчына.

Юзюк горка ўсміхнуўся:

- Насустрач свайму лёсу... А ён чакае мяне ў раёне - у міліцыі...

- Што ты пляцеш? - крычала Алена. - Цябе выклікаюць у міліцыю?

- Не! Сам іду! - рашуча сказаў Юзюк, і не было на свеце той сілы, якая б прымусіла павярнуць яго назад.


1990-2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая
Падрыхтавана: Алесь Хмара