epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Струны душы

Напрыканцы мой аптымізм імунны,

Жыццё маё, яно вось-вось міне.

Шукаю я ў душы такія струны,

Якія ажывілі б сэрца мне.

 

Якія б схаланулі жыватворна

Ўсё тое, што да сёння сэрцам п’ю,

Што колісь запаліла ў небе зорным

І зорку пуцяводную маю.

 

Яна вядзе мяне! Яна не згасла!

І з ёю я душою не сляпы.

І вяжа ўзнёслых думак перавясла

Паэмы й вершы ў творчыя снапы.

 

Я, марыцца, не знікну назаўсёды

У вечнасці, у тлумных год слаце,

Бо зерне слоў узнёслых дасць усходы

І ў глебе часу творча прарасце.

 

Узрушце свет, душы бяссоннай струны,

Свет, мной пражытых год, ён не чужы,

Каб іх адчуў я блазнюкова-юны

І сталы, і цяпер вось — на мяжы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.