epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Стрыманасць

Мы кожны, паасобку пуд свой солі

З’ядалі ў абасобленай цішы.

Ніхто не пацікавіўся ніколі,

Што ў маім сэрцы, што нашу ў душы.

 

Не вельмі лез і я ў чужыя душы,

Бывала, жыў не сэрцам, галавой.

Ў такім вось узаемараўнадушшы

Зжываем век напружаны мы свой.

 

І раптам...

Гэта ўсё часцей бывае,

«Нагамі ўперад» прэч ідуць сябры.

І разумееш — іх душа жывая

Тваю душу ніколі не спаткае,

Каб боль раскрыць свой у жыцці-віры.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.