epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сучасная падзея

Карова як карова — нагі чатыры, вымя,

Хвост, капыты і вушы, ды рогі побач з імі.

Скубе траву і раптам — захлюпала па глебе:

Прыспічыла карове, прабачце, па патрэбе.

Скажыце, у якія мінулыя эпохі

Цікавіла кагосьці такое ну хоць трохі?

А сёння за каровай сачылі вочы пільна

Тых дачнікаў сучасных,

Што тут стаялі шчыльна.

Яшчэ не даляцела і першая «аладка»,

Як пачалася звалка, як закіпела звадка:

— Я першы быў!

— Хваробу! Я першая сачыла!

— Куды ты цягнеш рукі?

— Куды ты сунеш рыла?

— Мне трэба пад капусту!

— А мне і пад цыбулю!

— Ты ж адарвеш мне вушы!

— Ты ж мне падраў кашулю!

...Нас гэткімі зрабілі і ўжо не перайначыць —

І сорамна карове такое чуць і бачыць.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.