epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сучасны гном

Як вядома, гномаў даўно сярод нас няма. Кажуць, былі яны некалі і валодалі вялікай чароўнаю сілаю. Але гэта было ў такой глыбокай даўніне, што ніхто ўжо не ведае, як яны, тыя гномы, выглядалі. Сучасныя дзеці і дарослыя людзі запярэчаць: «Як выглядаюць гномы? Ды звычайна! Мы іх ледзь не кожны дзень бачым у мульціках па тэлебачанні!»

Не! Гэта не гномы, а намалёваныя чалавечкі, прыдуманыя мастакамі-мульціплікатарамі.

А вось сапраўдныя гномы!..

Але ж дарослыя і дзеці памылкова лічаць, што гномы, калі і былі,— яны ў мінулым. Памыляецеся, мае дарагія! Ой, як памыляецеся! Ёсць яны сёння, загадкавыя гномы! Ёсць! І жывы сведка гэтаму — Сяргейка. Звычайны беларускі хлопчык, са звычайнага 3 «А» класа. Незвычайным у яго было толькі адно — яго душа. Спагадлівая, ранімая, не па-дзіцячы, бязмежная душа.

Сяргейка спачуваў кожнай жывой істоце — ад маленькай божай кароўкі да агромністага лася, якіх у навакольных лясах нямала, на якіх і ў пару, і без пары палююць людзі са стрэльбамі.

«Але што значыць «у пару», у дазволены паляўнічы сезон? — думаў Сяргейка.— Хіба ж бывае нейкая дазволеная пара, якая вышэй за права на жыццё, напрыклад, зайца, казулі ці таго ж лася?»

Але асабліва балела Сяргейкава душа за птушак, якія пакутуюць зімой ад маразоў і голаду, за бяздомных жывёлінак — катоў і сабак, якіх з кожным годам усё больш і больш у гарадах і вёсках. Гэта атручвала жыццё Сяргейку, не давала ноччу спаць. Ён востра адчуваў сваю бездапаможнасць, якая павялічвала боль душы. Ён ніяк не мог зразумець, чаму людзі не заўважаюць схуднелых, змардаваных «братоў нашых меншых» альбо заўважаюць і абыякава ідуць міма? Ён з горыччу дзівіўся, як можна не пакарміць галубка з зламаным крылом ці перабітай лапкай, чыё жыццё залежыць цяпер ад чалавечай чуласці? Як можна не падтрымаць у дваццаціградусны мароз верабейчыкаў, якія, як пісаў Сяргей Ясенін: «Как детки сиротливые, прижались у окна...»?

Бывала, Сяргейку кавалак не лез у горла ад думкі, што зараз нехта з птушачак ці жывёлінак памірае з голаду...

Вось Сяргейка і расказаў мне пра яго сустрэчу з гномам, катэгарычна адмовіўшыся апісваць яго знешні выгляд. Зрабіць гэта папрасіў яго сам гном, баючыся, што кінуцца да яго ўсе з просьбамі і патрэбнымі, і не. Сам гном вырашаў, каму дапамагаць.

А пачыналася хлопчыкава знаёмства з гномам так.

Вяртаўся неяк Сяргейка са школы дамоў і, падыходзячы да сваёй хаты, заўважыў абяссіленага сабаку, які спрабаваў ісці, але валіўся то на адзін, то на другі бок. Ён зноў паднімаўся, каб ісці, і зноў падаў. Відаць, хтосьці некалі выкінуў яго з машыны ці прагнаў ад хаты, і бедалага, шукаючы прытулку, аддаў усе сілы за выжыванне.

Сяргейка падбег да бяздомніка, падхапіў яго на рукі і кінуўся з ім да свайго ганку:

— Мама! Тата! — крыкнуў ён.— Дапамажыце!

Спалоханая маці выбегла на двор і жахнулася:

— Божа літасцівы! Які ён худы!

— Мамачка, дай хутчэй яму што-небудзь паесці! — узмаліўся хлопчык, але, пакуль маці забегла ў хату за ратавальнай ежай, сабака памёр у Сяргейкі на руках.

Большага гора ў хлопчыкавым жыцці пакуль не было, таму ён не стрымліваў сябе і ўголас плакаў.

Прыйшлося рабіць апошняе, што магчыма было зрабіць для гэтага сабакі — пахаваць яго.

Пахаваўшы бяздомніка, Сяргейкавы маці і бацька пайшлі дамоў, а хлопчык працягваў сядзець ля свежага пясочку на сабачай магіле.

Ён сядзеў і спадзяваўся праз гарачыя слёзы паменшыць востры боль, які пранізваў сэрца.

Вось тут ён і пачуў:

— Прымі мае шчырыя спачуванні, хлопчык.

Сяргейка здрыгануўся і ўбачыў побач з сабой... Ён не зразумеў, каго ўбачыў, бо бачыў першы раз у жыцці кагосьці незвычайнага і дзіўнага. Хлопчык не паспеў ні спалохацца, ні здзівіцца і толькі аўтаматычна скрозь слёзы спытаўся:

— Вы хто будзеце?..

— Я — гном!

Сяргейка не ведаў, як паводзіць сябе далей, бо гномаў, як і ўсе мы, бачыў толькі ў мульціках, але тыя, мульцяшныя гномы, выглядаюць зусім іначай.

— А хіба ж такія гномы бываюць? — нарэшце спытаўся хлопчык, выціраючы ўзмакрэлыя вочы.

— Толькі такія і бываюць! — упэўнена адказаў сапраўдны гном.

— А адкуль вы ўзяліся? — цяпер ужо шчыра здзівіўся Сяргейка.— Я ж жыву ў звычайнай вёсцы, а не ў казцы...

— Адкуль я — гэта не галоўнае! — перахапіў гаворку гном.— Для мяне сёння галоўнае толькі адно: чаго б ты хацеў ад мяне, хлопчык?

— Я?.. Я... не ведаю... — разгубіўся Сяргейка.— Мне нічога не трэба... Дзякуй.

— Падумай, не спяшайся,— параіў гном.— Што ты пажадаеш, тое я і зраблю.

— Ой! — усклікнуў хлопчык.— Што я кажу — нічога не трэба! Я хачу, вельмі хачу прытулак для бяздомных жывёлінак! Я хачу ўратаваць іх ад пакутаў... Ці няхай хоць хтосьці ўратуе іх! Ці можна такое?!

— Прытулак для жывёл? — перапытаў гном.— Ты не памыліўся? Можа, прытулак для бяздомных людзей лепш?

Сяргейка задумаўся і, пасля доўгай паўзы, выдыхнуў:

— Не!.. Усё ж, для жывёл... Людзей шкада, але бяздомныя людзі маюць магчымасць звярнуцца да другіх людзей, папрасіць дапамогі, і іх пачуюць, зразумеюць, дапамогуць... А, па-другое, многія людзі самі вінаватыя ў сваёй неўладкаванасці. А ні ў чым не вінаватая жывёлінка не мае магчымасці звярнуцца да людзей па дапамогу. Адзіная мова жывёлін — іх выразныя вочы, поўныя болю, але хто асабліва зазірае ў вочы бяздомнікаў?.. Калі можаце, дапамажыце гаротнікам, пазбаўце іх ад пакут...

— Добра! — адказаў гном.— Няхай будзе па-твойму,— і знік.

І адбыўся цуд! На грошы, якія ахвяраваў таямнічы спонсар, на ўскрайку Мінска, пабудавалі вялізны сучасны прытулак для бяздомных катоў і сабак. Бяздомнікаў звозілі з усяе Беларусі і тут, пад наглядам абслугі і ветэрынараў, гаротнікаў ратавалі — і кармілі іх, і лячылі.

Сапраўды, па адносінах да састарэлых людзей і бяздомных жывёл, у свеце ацэньваюць і дзяржаву ў цэлым.

Але праз нейкі час у прэсу прасачылася інфармацыя пра тое, што спонсарскія грошы на ўтрыманне прытулку для бяздомнікаў заканчваюцца і што, хутчэй за ўсё, прытулак закрыюць, а жывёлава гора зноў бяздомна разбрыдзецца па нашай зямлі.

Сяргейка вучыўся ўжо ў дзясятым класе і быў настолькі пісьменны, што мог самастойна напісаць у высокія інстанцыі хадайніцтва пра далейшае фінансаванне з боку дзяржавы прытулку для бяздомных жывёл.

Аднак адказу на хадайніцтва ён пакуль не атрымаў і з горыччу падумаў: «Няўжо толькі гном і надалей здольны ўратаваць бяздомнікаў ад пакут і пагібелі?..»



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.