epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сучасныя кветкі

Гляджу на дзяцей — на сучасныя кветкі,

І сумна, і радасна мне.

Дзяўчынкі і хлопчыкі, мілыя дзеткі,

Я вам і зайздрошчу, і не.

 

Заможная вопратка, гэткі ж абутак —

Вы сёння прывыклі да іх.

Не дайце душы стаць рабом гэтых «шмутак»,

Ганіце іх з сэрцаў сваіх!

 

Вы — новая хваля, і час сёння новы,

Былое — адстаўлена ў кут.

Ліе тэлевізар на вашы галовы,

Мяшанку, а большасцю — бруд.

 

І плешчуць з экрана ад ранку да ранку

Пра смак эратычных патрэб,

Пра «Снікерс» і «Стымарал», пра «Трапіканку»,

Пра секс — і ні слова пра хлеб.

 

Другая праграма — «страляе» і «рэжа»,

Раве ад крывавых падзей...

Такая вось сёння духоўная ежа

Дарослых, падлеткаў, дзяцей.

 

А мы ці ратуем дзіцячыя душы?

Што мы дадаём у «меню»?

Нястрыманасць, грубасць, хлусню, раўнадушша

І значна радзей — дабрыню.

 

І дзеці — такіх процілегласцей сведкі,

Не ўцямяць — што сёння ў цане?

Дзяўчынкі і хлопчыкі, мілыя дзеткі

Я вам і зайздрошчу, і не.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.