epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сухая яблынька

Ссохла яблынька у садзе,

Замінае, муліць вочы.

Гаспадарлівы Уладзя

Неяк даць ёй рады хоча.

 

Цюкнуў раз-другі сякерай,

А яна назад з адксокам.

Ўладзя хмыкнуў: — Во халера!

Ад жалеза недалёка.

 

Трэба йсці да Анатоля,

Праўда, ён «не прасыхае»,

Кавырсоўшчык, ды затое,

Ён пілу з маторам мае.

 

— Слухай, Анатолька-братка,—

Да суседа Ўладзя слёзна,—

Ссохла яблынька ля хаткі,

Зрэж яе ты, калі можна.

 

Анатоль прамовіў важка:

— Ну а мне якая плата?

— Як заўжды, гарэлкі пляшка.

— Што ты, Ўладзя! Малавата!

 

Я ж яе не толькі зрэжу,

Й на паленцы распілую,

План, як кажуць, апярэджу,

Бачу працу не малую...

 

Ўладзя ўспомніў, як сякерай

Секануў, бы па жалезе.

— Згодны!

Пі бязмернай мерай!

Пад завязку, колькі ўлезе!

 

Анатоль бензапілою

Яблыньку зваліў у садзе,

Хутка разабраўся з ёю.

Потым — самае святое,

Колькі лезла, ліў Уладзя.

 

*

Апрытомнеўшы назаўтра,

Анатоль ледзь-ледзь падняўся.

Ўспамінаць пачаў упарта,

Дзе учора так набраўся.

 

— Во галоўка — розум ззадзі! —

Ўспомніць Анатоль спрабуе.—

Я ж учора у Уладзі

Быў, дапамагаў яму я.

 

Але што рабіў?..

Забыта!

Анатоль ажно злуецца.

— Я ж з пілой хадзіў, нібыта,

Нешта пілаваў, здаецца.

 

Га!

Успомніў!

Дзякуй Богу!

Зрэзай яблыньку старанна.

Гэта ж ён за дапамогу

Захмяліў мне лыч пашанна...—

 

Ён не памятаў, якая

Яблынька была учора,

Ці сухая, ці жывая —

Анатолю мала гора.

 

— За адну ён шчодра шкаліць,—

Думаецца Анатолю,—

Колькі ж ён тады адваліць,

Калі зрэжу яблынь болей?

 

Пэўна, будзе доўга дзячыць

І гарэлкай, і пашанай.

Калі працу маю ўбачыць —

Свой садок распілаваны.

 

І, пілу схапіўшы жвава,

Ён падаўся да суседа.

Праца — гэта ж не забава,

Сад ён зрэзаў да абеда.

 

Дзе быў сад — амаль што поле

Выглядала плехам горкім.

Ў кучы ён пасцягваў голле,

Цуркі склад асобна, горкай.

 

Бедны Ўладзя, пасля працы,

Не пазнаў сваю сядзібу,

Пні й пустэча — сумна хатцы,

Валасы ўзняліся дыба.

 

Анатоль — настрой цудоўны,

Тут як тут — якое гора?

— Налівай, сусед, па поўнай,

Пад завязку, як і ўчора!

 

Ты зірні, зірні, Уладзя,

Як прыбраў тваю зямельку!

Я, брат, пры любой уладзе

Захаўтуру на бутэльку.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.