epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сухі закон

Распіліся людзі да таго, што кіраўніцтва ўсіх узроўняў вымушана было, як кажуць, наступіць на любімы мазоль «алканаўтам».

Былі абнародаваны дырэктывы, загады, распараджэнні, якія забаранялі распіваць спіртное ў працоўны час, у службовых памяшканнях, а таксама настойліва прапаноўвалася і пасля працы не збірацца больш двух чалавек.

А паколькі не адно пакаленне на генным узроўні прывыкла варганіць «на траіх», забарона балюча ўдарыла па нацыянальнай асаблівасці мужчынскай паловы насельніцтва.

Але для таго і будуюць абарончыя цытадэлі, каб іх бралі хітрасцю...

Алесь патэлефанаваў у суседні кабінет свайму супрацоўніку і сябру:

― Кастусь, сёння пасля працы чакай мяне ля «Гастранома». Папярэдзь і хлопцаў з планавага аддзела.

― Ты што, Алеська, ― пачуўся ў трубцы спалоханы голас Кастуся.― Нас жа пазвальняюць з працы. Я баюся!

Алесь запэўніў:

― Бяспройгрышны варыянт! Усё прадумана да драбніц! Сустракаемся ля крамы!

Алесь лічыўся аўтарытэтам і ў начальства, і ў супрацоўнікаў, таму ягоныя пяць сяброў чакалі ў вызначаным месцы, нервова пазіраючы па баках.

Алесь сабраў з усіх грошы і рашуча ўвайшоў у краму, дзе купіў усё неабходнае для размачывання сухога закону.

― За мной! ― закамандаваў ён, і ўсе баязлівым гуртам падаліся за сваім аўтарытэтам. Было страшнавата, але й цікавасць перапаўняла кроў, таму адрэналіну ў ёй было значна больш, чым самой крыві.

Прайшоўшы адзін квартал, Алесь зноў жа рашуча крутнуў на гарадскія могілкі, дзе адчыніў варотцы агароджы і тут жа, ля помніка, на імправізаваны стол выставіў гарэлку і закусь.

― Вось яна, нейтральная зона! ― усміхнуўся Алесь.― Сюды ні начальства носу ні ткне, ніякія кантралёры. Налівай!

Але Алесь памыляўся. Начальнік аддзела кадраў, як правіла, надзелены асаблівым нюхам і слыхам, нават чуццём.

Не паспелі сябры наліць па другой, як кадравік Нюхновіч непрыкметна з’явіўся на гэтых жа могілках і здаля, з-за другога помніка назіраў за свавольніцтвам падначаленых.

Трэба сказаць, што Нюхновічу Бог даў не толькі нюх і слых, а яшчэ і чалавечнасць. Таму кадравік пачаў дакараць сябе: «памінаюць людзі, а я, як той следчы... Праўда, чуецца смех памінальшчыкаў, але ж жыццё працягваецца ― жывыя павінны жыць».

І ён, гэтак жа непрыкметна, як прыйшоў, пайшоў прэч, каб не перашкаджаць выконваць святы рытуал.

На наступны дзень Алесь зноў патэлефанаваў у суседні кабінет:

― Ну як, Кастусь, сёння паўторым?

У трубцы пачулася бадзёрае:

― Ніякіх сумненняў! Збіраемся ў той жа час і на тым месцы.

На могілках Алесь прапанаваў:

― Не будзем дакучаць аднаму нябожчыку, хадзем да другога.― І памінальшчыкі ўладкаваліся за другой агароджай, ля другога помніка.

Падначаленыя Нюхновіча не ведалі, што ён памятае і такі ленінскі прынцып, як «давярай, але правярай». Таму кадравік зноў непрыкметна назіраў за вясёлай кампаніяй і здзіўляўся: «Чаму гэта яны сёння памінаюць другую душу?»

Ён падкраўся бліжэй і нават пачаў сёе-тое чуць.

Смеху сёння было значна больш, чым учора.

Вось нейкія людзі прайшлі побач з яго падначаленымі і смех спыніўся, пачулася:

― Пухам зямля будзь нашаму дарагому Ігнату!

― Спі спакойна, наш дарагі дружа!..

Нюхновіч зноў, як і ўчора, хацеў падацца прэч, але «ленінскі прынцып» спыніў яго: «Дачакаюся заканчэння, усё высветлю і праверу».

І ён пайшоў апошнім з тых могілак, наведаўшы перад адыходам тую магілу, якую «аплакваў» Алесь з сябрамі. Якое ж было здзіўленне, калі ён на помніку прачытаў, што ў зямлі пакоіцца не «дарагі сябар Ігнат», а нейкая Агаф’я, пражыўшая на гэтым свеце 89 гадоў, і пахаваная даўным-даўно, бо гарадскія могілкі, колькі ён памятае, былі закрытымі для пахавання.

― О-о, прайдзісветы! ― зашаптаў Нюхновіч.― Ну я вас заўтра памяну!

Назаўтра начальнік аддзела кадраў запрасіў да сябе Алеся.

Алесь узрадаваўся, бо быў на добрым уліку ў кіраўніцтва і чакаў павышэння. Алесь не стрымаўся і патэлефанаваў свайму сябру:

― Трымайся, Кастусь, за неба! Іду да «Нюхалкі», лічы, што сёння будзем абмываць маю новую пасаду!

Прывітаўшыся, Алесь стаў ля парога начальніцкага кабінета і чакаў, што той запросіць яго сесці ці ўвогуле кінецца насустрач, але Нюхновіч разглядаў нейкія паперы і не звяртаў увагі на наведвальніка.

Алесь кашлянуў.

Нюхновіч падняў вочы і запытаўся:

― Скажыце, хто ў вас пахаваны з родных, блізкіх ці сяброў на гарадскіх могілках?

Алеся нібы лупянулі калом па галаве. Ён ажно прысеў ад нечаканасці. Ды і раней Нюхновіч звяртаўся да яго на «ты», а сёння...

― Ну дык хто? ― паўтарыў пытанне кадравік.

Алесь адчуў нядобрае, таму адказаў туманна:

― Многія...

― А ўчора вы каго паміналі? ― зноў лупянула, нібы калом па галаве пытанне.

― Учора?..― Алесь пачаў успамінаць, якое імя яны называлі.― Учора мы паміналі майго роднага дзядзьку Ігната... Памёр, бедны, у маладым узросце...

Нюхновіч, чаго не жадаў цяпер Алесь, устаў з-за стала і падышоў да яго:

― Дык вось, сынок... Схадзі сёння на тую магілу адзін, памяні тую старую жанчыну і папрасі ў яе прабачэння. Абяцаю, што сачыць за табой не буду ― за табой будзе сачыць тваё сумленне.

Алесь выскачыў ад кадравіка, як абліты варам. Ля дзвярэй яго кабінета стаяў узрушаны Кастусь.

― Ну, абмываем тваю новую пасаду?

Алесь сумна зазірнуў сябру ў вочы і ціха прамовіў:

― Буду... але не абмываць, а адмываць сваё сумленне.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 4. Аповесці. Апавяданні. Замалёўкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 535 с.