epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Суддзі

Ці ёсць хто ў свеце

Непадсудны з нас?

Ха-ха!

Якое смешнае пытанне.

Мы ўсе!

Усе судзімыя, й не раз,

Жыццё не толькі свята —

Й пакаранне.

 

Вялікі дар

Падараваны нам,

І небяспечны падарунак —

Слова!

Мы на жыцця анкету

Столькі плям

Набрудзілі —

Няхай і выпадкова.

 

Спачатку было слова —

Гэта так.

Адораны з нас кожны

Гэтым цудам.

Ды так

Мы карыстацца сталі ім,

Вялікім цудам (не сваім)

Сваім.

Што слова стала

Нашым самасудам.

 

Ёсць словы —

Труцяць лёсы, нібы чад,

Ёсць брудныя,

Як па зубах ануча.

Страшней любых учынкаў

Словы — яд,

Бязлітасна нас раняць

І балюча.

 

Спрадвек уласны

Нашых слоў запас,

Павага да яго

Ці непавага,

На суд публічны

Выстаўляюць нас —

І нашы суддзі —

Самі,

Людзі,

Час.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.