epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Суддзя

Ёсць суддзя сумленны, непадкупны,

І хоць ён нябачны і нячутны,

А заўсёды побач з намі — час.

Ён і праз стагоддзі судзіць нас.

Колькі пры жыцці імёнаў гучных

Госпада з сябе рабілі штучна,

У бязслоўі заграбалі славу,

Але час рабіў сумленна справу,

Распраўляўся з імі ён без зброі,

І знікалі з памяці «героі».

Іх у нас ва ўсе часы хапала...

Ёсць і іншых прыкладаў нямала,

Пісаных слязьмі, крывёй і горам,

Ад якіх і жах бярэ, і сорам.

Годных і узнёслых — абражалі,

Велічных, выдатных — зневажалі,

Таленты — за краты, на мучэнне,

Лепшых з лепшых — проста на знішчэнне.

Лепшых па галоўцы лёс не гладзіў,

Але час не схлусіў і не здрадзіў,

У яго свой сэнс, свае законы —

І ўваскрэслі сцёртыя імёны.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.