epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Шукаю ветру ў полі

Мара плакала ў падушку,

Як гарох той пры дарозе,

Бо шукаю я Жар-птушку —

Ветра ў полі, нітку ў стозе.

 

Вось і сёння, як заўсёды,

Адштурхнуў журбу-нуду,

Не пабег ад непагоды,

А насустрач ёй іду.

 

Шэрасць золкая наўкола,

Вецер свішча безгаловы,

Бліскавіца распарола

Небасхіл на дзве паловы.

 

Я — ніжэй на вочы «фетру»,

Ўверх каўнер у паліто.

Акрамя дажджу і ветру

Не сустрэў мяне ніхто.

 

Хоць, відаць, сваю я мару

Перажыў і перарос,

Я за ёю борзда шпару —

І увагі нуль на хмару,

Што сячэ мне ў твар наўскос.

 

Прагну дзіўнае заўважыць,

Погляд «мацае» абшары.

Дзякуй Богу, што міражыць

Мара скрозь нязбыўнасць мары.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.