epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Шумеў чарот

Да жонкі муж:

— Дзе нашы дзеці?

Праз паўгадзіны Новы Год.

— Дачка — у паралельным свеце,

А сын — аж на другой планеце,

Бо там межгалактычны сход.

 

— А дзе сусед межпланетарны?

Даўно не піў я з ім віно.

— Я ў выглядзе малекулярным

Тут, за сталом ужо даўно.

 

— Не бачу жонку тваю. Дзіўна!

Няўжо прыйшоў ты без яе?

— Ды не! Яна інтуітыўна

Прысутнічае, есь і п’е.

 

— Вось закусь — гелій з кіслародам,

А вось — з нейтронаў бутэрброд.

Ну! З новым вас, з мільённым годам!

Да дна!

Да дна!

— Шумеў чарот!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.