epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сумны сімвал

Мы ідзём па слядах

папярэднікаў продкаў, пра-продкаў,

Па памылках чужых,

пакідаем свае за сабой.

Ад памылак памылкі — быццам

антыпамылкавы сродак,

Мы ж іх плодзім і брудзім

стагоддзі такою сяўбой.

 

Нездарма кажуць — тое сажнеш,

што пасеяна будзе,

У будынак без вокнаў не трапляе

ад сонца святло.

І адкуль столькі зла на зямлі,

шчыра дзівяцца людзі.

Сапраўды, шмат яго,

у дадатак — муціруе зло.

 

І адкуль столькі зла?

Кожны лічыць сябе бездакорным.

А, між тым, зазірніце

на нашы і продкаў клады —

Помнік кожны і крыж падмагільны

зеўруць колерам чорным,

Сумны сімвал стваральнікам...

і прыжыццёвай бяды.

 

Сярод белых слядоў,

хоць адзін хтосьці чорны пакіне

На здаровай тканіне жыцця —

іх мільёны на жаль з веку ў век.

І дабро непазбежна

пад чорнай стаптанасцю гіне —

Вось ён, носьбіт дабра —

і не толькі дабра, чалавек.

 

Мы не суддзі сабе,

непрымальнае гэта суседства,

Быць суддзёй і падсудным,

і пры тым, у асобе адной,

Быць анёлам і д’яблам —

і ў гэтым галоўнае бедства,

Што няма вінаватых

там, дзе стогне жыццё пад віной.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.