epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сумны шлюб

Быль

 

Стаяў наўскраі лесу дуб

З бярозаю ў абдым.

Такі вось незвычайны шлюб —

Няхай жа шчасціць ім.

 

Над імі хуткі час мінаў,

Прад імі з траў дыван

Ён моцным голлем абдымаў

Яе бялёсы стан.

 

Жылося смела побач ім,

Жыццё — вялікі цуд.

О колькі вёснаў, колькі зім

Яны сустрэлі тут.

 

І падаваўся ім таму

З гадоў бясконцых свет.

Ён ёй шаптаў, яна яму,

Аб чым — для нас сакрэт.

 

Тут ім зайздросцілі усе,

Лес сталы й маладняк.

Ды, часам, час бяду нясе,

А ратавацца як?

 

Раўнулі на увесь абшар

І бура, й перуны —

Стыхіі прынялі удар

Пярвей за ўсіх яны.

 

Не утрымалі карані

Гаспадароў сваіх.

Жыццё ім адлічыла дні

Пароўну, на дваіх.

 

Яны і ўпалі, як раслі,

Бяроза й волат дуб.

Ляжалі побач на зямлі —

Такі вось сумны шлюб.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.