Сумуе хата без бацькоў,
Хаціначка старая.
З усіх куткоў, з усіх бакоў
Душа іх пазірае.
Туга узрушвае часы
Жыцця былога нетры.
Тут мамы й таты галасы
Лунаюць у паветры.
Іх помніць хата маладых
Ў будзёнасці і ў святы.
А мы, малыя, вакол іх,
Нібыта кураняты.
Пазней, святочных шмат сталоў
Тут ладзілі сумесна.
Ад гаманы, ад шчырых слоў
Было у хаце цесна.
Скруціўся лёс — чыя віна,
Што ўсё, як дым, растала,
Што сціхла наша гамана,
Калі бацькоў не стала?
Час выбівае з каляі
Усіх: аджыў — не баяўся.
Нас шмат было — з усёй сям’і
Адзін я і застаўся.
Свой крыж нясем ад «а» да слёз —
Хтось падае заўчасна.
За тых, хто крыж свой не данёс,
Іх крыж нясу і ўласны.