epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сумуецца ўдвая

Як сонца хіліцца

да захаду,

І дзённы прыціхае тлум,

Душой да разважання я брыду,

А разважанне —

Родзіць сум.

 

Чаму увечары сумуецца

Заглыблена —

Ну хоць крычы?

Ці не таму,

што штосьці чуецца

Непрадказальнае з начы?

 

Дык гэта вечар —

дня патыліца...

Ды іншае заўважыў я —

Калі жыццё

да скону хіліцца,

Тады сумуецца ўдвая.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.