epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Суп з чарапахі

Больш за ўсё на свеце заяц Вушасцік любіў бегаць хоць з кім навыперадкі. Ды толькі мала хто згаджаўся на такое спаборніцтва. Марная справа спрабаваць перагнаць такога спрынтэра.

Раптам Вушасцік спаткаў чарапаху Цюхцю.

— Во-ой, якая сустрэча! — узрадаваўся Вушасцік і адразу прапанаваў: — Давай бегчы з табой наперагонкі!

Звычайна Вушасціку на яго прапанову адразу і рашуча адмаўлялі:

— Не! Ты што, Вушасцік?! Бегчы за тваім хвастом! Не, не і не!

А тут, на прапанову зайца, Цюхця адказала маўчаннем. І не таму што збіралася змагацца з Вушасцікам за званне самага хуткага бегуна, а таму, што чарапахі, наколькі лянотна рухаюцца, настолькі марудна і думаюць.

Заяц палічыў такое маўчанне чарапахі за згоду і бадзёра патлумачыў:

— Умовы такія: калі я цябе пераганю — ты будзеш цэлы дзень вазіць мяне на сабе. Калі ты мяне — я ўвесь дзень буду насіць цябе на сваім карку. Згодна?

У адказ — зноў маўчанне.

— Вось і выдатна! — заключыў Вушасцік.— Бяжым па гэтай дарозе да крывой бярозы, потым управа па лесе да рэчкі, ад яе, праз поле, зноў сюды. Стартуем па маёй камандзе: «Марш!»

Заяц устаў на заднія лапы і ўрачыста закамандаваў:

— Увага! На ста-а-арт!.. Марш!

І адразу лупянуў, спачатку да крывой бярозы, а далей па згаданым маршруце.

Чарапаха пракручвала ў галаве чутае, і нарэшце выдыхнула:

— Ды не пабягу я з табой, Вушасцік.

Але заяц ужо паспеў мінуць крывую бярозу, праскочыў праз лес да рэчкі і толькі на полі спыніўся і аддыхаўся. Агледзеўся — чарапахі нідзе не відаць і з палёгкай плетануў да месца старту, якое для яго зрабілася фінішам.

Убачыўшы Цюхцю, заяц аслупянеў ад нечаканасці.

— Ты ўжо тут?! Раней за мяне-е?

— Ты ж бачыш,— лянотна выдыхнула Цюхця.— Я — тут.

Заяц схапіўся за галаву і залямантаваў:

— Як гэта табе ўдалося мяне перагнаць? Які сорам! Якая ганьба! Да чаго я дажыўся!

Але колькі не лямантуй, а ўмовы, якія сам Вушасцік прапанаваў, трэба выконваць. Таму пасадзіў ён Цюхцю сабе на шыю і сумна паклыпаў па лесе. Бачыць, ажно насустрач ідзе Ліса.

— Што гэта ты, Вушасцік, чарапаху бясплатна возіш на сабе? — смяецца рыжая.

— Разумееш, Лісачка,— хітруе заяц,— скразнякі прастудзілі мае шыйныя пазванкі, вось я і нашу Цюхцю замест грэлкі. Добра дапамагае.

— Дык і ў мяне тое ж самае! — скардзіцца Ліса.— Праветрывала сваю нару, нарабіла скразнякоў, і вось шыю павярнуць не магу. Страляе то ў вуха, то ў патыліцу. Дай мне, Вушасцік, панасіць Цюхцю замест грэлкі ды палячыцца.

— З задавальненнем! — узрадаваўся заяц.— Насі на здароўе!

Зняў ён са сваёй шыі Цюхцю і, перад тым як перадаць Лісе, шапнуў чарапасе: «Ты ж не прагаварыся, што перамагла мяне».

Ліса пасадзіла сабе зверху на шыю чарапаху і жахнулася:

— Во-о-ой! Яна ж халодная! Такая грэлка яшчэ горш застудзіць мяне.

Вушасцік ледзь стрымліваў смех і патлумачыў:

— Не застудзіць, а загартуе! Трывай і прывыкай, Лісачка! Вось я трываў і цяпер здаровы, як самы наймаладзейшы. Ну, дык бывай!

Чарапаха хоць і марудна думае, але тут зразумела, што патрапіла ў даволі складанае становішча. Адна справа — бяскрыўдны Вушасцік, другая — хітрая Ліса, ад якой можна чакаць любых непрыемнасцей.

А тут, як на тое ліха, насустрач Воўк. Ідзе і на хаду гартае старонкі нейкай кніжкі. Пры гэтым напявае:

— Рэцэптаў густа, а ў роце пуста...

— Што гэты ты, кум, такое чытаеш? — замест вітання пацікавілася Ліса.

— А-а, гэта ты, рыжая! — спыніўся Воўк.— А ты хіба не чула, што ў нашым лесе праводзіцца акцыя «Лета з цікавай кніжкай»? Вось я прыдбаў сабе «Сто рэцэптаў смачнай ежы». Кніжка хоць і цікавая, але я праз яе толькі апетыт раздражніў ды рэзі ў жываце нажыў. У мяне нават песенька сама склалася: «Рэцэптаў густа, а ў роце пуста...» Пасля кожнай старонкі ледзь паспяваю слінкі палыкаць. Ты ж глянь, кума, сама на старонку 13. Які экзатычны рэцэпт: «Суп з чарапахі». Пальчыкі абсм... прабач, кіпцюры абсмокчаш. Каб да гэтай кніжкі ды яшчэ правіянт прыкладалі, а так — пустая папера...

Чарапаха ад пачутага яшчэ больш пахаладзела.

Ліса смачна аблізнулася:

— Кажаш, суп з чарапахі? Цікава...

— Казаць кажу,— уздыхнуў Воўк,— толькі дзе яе возьмеш, чарапаху? Яны ў нашым лесе, пэўна, не водзяцца.

Ліса крутнулася спінай да Ваўка:

— А ты зірні на маю шыю! Вось і правіянт да тваёй кніжкі.

Воўк ажно засвяціўся ад радасці і прыціснуў да грудзей «Сто рэцэптаў...».

— Ай ды карысная акцыя: «Лета з цікавай кніжкай»!

— Чытай, што там неабходна для гэтага экзатычнага супа? — загадала Ліса.

Чарапаха Цюхця ў думках развіталася з жыццём.

А Воўк пачаў чытаць:

— Для такога супа неабходна маладая чарапаха і абавязкова морква, кроп... — Воўк спыніў чытанне і пытліва зірнуў на Лісу.— Чарапаха ёсць, а дзе ж мы возьмем моркву і кроп? Тут яшчэ спецыі розныя.

Ліса схамянулася:

— У зайца! Мы з ім толькі хвіліну як размінуліся. Ён паскакаў дамоў. Гайда да яго!

Заяц, убачыўшы ля дзвярэй свайго дому Лісу і Воўка ды яшчэ з чарапахай, зразумеў, што Цюхця прагаварылася і яго, лепшага спрынтэра, зараз падымуць на смех. Але, даведаўшыся прычыну такога візіту, спачатку ўзрадаваўся, а потым панік — зрабілася шкада Цюхцю.

Вушасцік пачаў хітраваць:

— Вы што, першы раз у жыцці суп з чарапахі будзеце варыць?

— Першы... — разгублена, у адзін голас адказалі Ліса і Воўк.

— Эх вы, слабакі, Лісы і Ваўкі! — усклікнуў Вушасцік.— Ды я гэтых супоў за сваё жыццё гатаваў-перагатаваў, можа, сто! Тут патрэбен асобы нюх і густ! Даверце мне — і кіпцюрыкі абсмокчаце.

— Ну, Вушасцік, дзякуй! — лагодзіць Ліса.— Мала таго, што падараваў мне чарапаху, дык яшчэ і смакату прыгатуеш.

— Каб далёка не хадзіць,— раіць заяц,— усё зварганім тут, у мяне. Тым больш і печ ужо паліцца. Ты, Ліса, вырві вунь на градах моркву і кроп, а ты, Воўк, прынясі з паветкі яшчэ дроў, а мне даверце чарапаху. Я яе ўмомант выпатрашу.

Калі Ліса і Воўк разышліся па сваіх абавязках, Вушасцік схапіў Цюхцю і хуценька запіхнуў яе пад ложак. Сам жа наліў у кацялок вады, накідаў туды дубовай кары і паставіў у печ. Потым разрэзаў бурак і перапэцкаў лапы яго сокам, быццам крывёю.

Калі вярнуліся Ліса з морквай і кропам, а Воўк з дровамі, кацялок ужо булькатаў у печы.

— Ну, дзе чарапаха? — спыталася Ліса.

— Уварваецца, як міленькая! — бадзёра паказаў на кацялок Вушасцік. Потым дэманстратыўна ўзяў ручнік: — Пайду, адмыю ад крыві лапы.

Памыўшы лапы, заяц звярнуўся да Лісы і Ваўка:

— Папярэджваю! Паколькі гэта першы ў вашым жыцці суп з чарапахі, ён можа вам і не спадабацца. Самі разумееце — экзотыка! Я, напрыклад, можа, толькі на сорак дзевяты раз адчуў сапраўдны смак. А да гэтага суп тхнуў нейкай карой. Ды і мяса чарапахі настолькі разварваецца, быццам яго і не было.

Воук і Ліса нясмела перазірнуліся і сціпла прамаўчалі.

Калі ж Вушасцік дадаў у кацялок моркву і кроп, а потым разліў гатовы суп па талерках, Ліса і Воўк нерашуча сербанулі страву і кісла скрывіліся.

— Вой, што гэта?! Фі... Фу... На жаль, да экзотыкі мы яшчэ не дараслі. Бывай, Вушасцік! Еш сам свой сто першы суп з чарапахі...

Госці бразнулі дзвярамі і падаліся прэч.

Застаўшыся адзін, заяц выцягнуў з-пад ложка Цюхцю і насцярожана спытаў:

— Ты сапраўды не асаромела мяне перад Лісой і Ваўком за мой пройгрыш?

Цюхця цяпер ужо не задумваючыся, адразу і рашуча адказала:

— Ды не было і блізка твайго пройгрыша!

І яна падрабязна распавяла Вушасціку пра ўсё, з чаго пачаліся яе небяспечныя прыгоды.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.