epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Супергонкі

Каму не вядома сумнае: старасць — не радасць?

Але, на шчасце, знаходзяцца людзі, якія душэўна спачуваюць фізічнай кволасці састарэлых суайчыннікаў і шукаюць нейкай магчымасці, каб падтрымаць іх.

Адзін з гэткіх спачувальнікаў, старшыня калгаса, вырашыў:

— Трэба нейкім чынам разварушыць так званы выпрацаваны баланс! Ну, якая карысць з таго, што я нейкаму дзеду ці бабе дам у якасці дапамогі мех бульбы ці пуд мукі? З’ядуць яны ці іхнія свінні за тыдзень маю ласку і забудуцца. Не! Трэба гэтую не зусім салодкую цукерчыну аздобіць прыгожым фанцікам. Трэба так зрабіць, каб старыя не толькі цэлым мяшком бульбы, а адной бульбінай ганарыліся.

І старшыня калгаса абвясціў усім сваім пенсіянерам, што ў бліжэйшую нядзелю адбудуцца спаборніцтвы між пенсіянерамі і старт будзе дадзены ад будынка праўлення калгаса. Можна карыстацца ўсімі падручнымі ды і падножнымі сродкамі перамяшчэння, уключаючы нават самакат, але галоўным усё ж будзе веласіпед. Сярод прызоў — харчы, кветкі, граматы і, безумоўна,— вечная слава ў межах калгаса.

Гэта навіна сапраўды ўскалыхнула былых калгаснікаў. Рыхтаваліся хто як мог — падкручвалі гайкі, змазвалі падшыпнікі, разміналі старыя суставы.

І вось надышла нядзеля. Роўным радком выстраіліся пенсіянеры з нейкімі даўно сваё аджытымі таратайкамі ды старэйшымі за сваіх гаспадароў веласіпедамі. У самым канцы гэтай урачыстай шарэнгі стаяў памаладзелы і ўзрушаны дзед Піліп. Росту ён быў невялікага, ды яшчэ гады прыгорбілі яго, таму выгляд ён меў састарэлага дзіцяці. Іншага транспарту ў яго распараджэнні не было, таму дзед трымаў ля сваёй нагі ўнукаў трохколавы веласіпед. Кажуць, галоўнае не перамога, а ўдзел. Але не думайце, што ў гэтым выпадку было менавіта так! Дзед Піліп, дажываючы свой век пры кані ды падводзе, убачыў аднойчы сучасную ўнукаву тэхніку, спаўна ацаніў прагрэс і са смакам асядлаў трохколавік. Стары гойсаў на ім па двары кожную вольную гадзіну, а паколькі ў яго кожная гадзіна была вольнай, ад рання да цямна не злазіў з сядла.

Усім удзельнікам спаборніцтва пачапілі на спіне свой, уласны нумар. Дзеду Піліпу далі нумар 13, ад чаго ён пляваўся горш, чым ад воцату:

— Нарадзіўся я 13 мая! Вось і маюся ўсё жыццё. Пяць разоў я ламаў руку і восем разоў вывіхаў нагу — вось вам зноў лічба 13! Трынаццатая мая жонка была змяя змяёй! Сёння зноў я трынаццаты! Калі ўсё гэта скончыцца?

Нарэшце ўдзельнікам гонкі далі старт. Трэба было праскочыць ля свінафермы, абляцець вакол сіласнай ямы, акруціцца ля трохпавярховага катэджа старшыні калгаса і ўздоўж здзічэлага калгаснага саду вярнуцца да праўлення калгаса, дзе пасля пачатку гонкі «старт» зменяць на «фініш». Тут ужо стаялі накрытыя цэлафанам мяхі з бульбай, мукой, некалькі каструль і эмаліраванае вядро — прызы пераможцам гонкі.

Дзед Піліп напачатку, пакуль астатнія перагрупоўваліся, выскачыў наперад і ўзначаліў гонку. Вецер свістаў у вушах, ад хуткасці сляпіліся вочы, і дзеду падалося, што ён вось-вось уздымецца ў паветра. Але паступова астатнія гоншчыкі, відаць, памятаючы пра мяхі з бульбай і мукой, націснулі на педалі і адзін за адным абмінулі лідэра.

Дзед Піліп, не будучы дурнем, вырашыў скараціць дарогу і ад сіласнай ямы разануў напрасткі — адразу да трохпавярховага катэджа старшыні. Але моцны сустрэчны вецер і неверагодная хуткасць, ад якіх слязіліся вочы, адхілілі дзеда Піліпа ад намечанага скарочанага маршруту і непрыкметна накіравалі яго на аўтастраду, якая пралягала побач і на якой у гэты час праходзілі міжнародныя веласіпедныя супергонкі.

Дзед Піліп маланкай ускочыў на аўтастраду і з усіх сіл круціў педалі ўнукавага веласіпеда, малоцячы каленямі аб руль.

— Хваробу вам, а не мой мех бульбы! — накручваў дзед разам з педалямі сам сябе.— Ды я вас усіх запхну за пасак! — Меў ён на ўвазе сваіх сапернікаў-пенсіянераў, якія, як ён думаў, былі дзесь наперадзе.

На кантрольным адрэзку міжнароднай супергонкі кампутар зафіксаваў і перадаў на фініш: гонку ўзначаліў нумар 13. А паколькі ўся кавалькада гоншчыкаў знаходзілася яшчэ даволі далёка ад дзеда Піліпа, калегія сусветных спартыўных суддзяў здзівілася з гэткай імклівасці аднаго велагоншчыка, але з кампутарам не паспрачаешся — суддзя ён непадкупны.

Здзівіліся і гаспадары гонкі, ведаючы, што пад нумарам 13 стартаваў наш Беспрызовіч, які пасля старту цягнуўся недзе ў хвасце. Але факт ёсць факт — мы ў лідэрах!

Дзед Піліп, сагнуўшыся ў тры пагібелі, паддаваў сабе імпэту:

— Эмаліраванае вядро будзе маё! — І так націснуў на педалі, што адразу з-пад трох колаў унукавага «веліка» закурэў дым.

Тым часам ад гоншчыкаў адарваўся міжнародны майстар з Паўднёвай Афрыкі, які ва ўсім свеце лічыўся непераможным. Ён прафесійна размеркаваў свае сілы і па-майстэрску пачаў перадстартавы спурт, паказаўшы астатнім гоншчыкам задняе кола свайго веласіпеда.

Але наперадзе чулася азартнае:

— І каструлю заваюю для сваёй бабы!

Падтрымаў дзеда Піліпа і перадфінішны кампутар, які зноў перадаў у штаб спаборніцтва: працягвае лідзіраваць нумар 13...

Калі ля праўлення калгаса ўручалі прызы пераможцам-пенсіянерам, дзед Піліп у гэты час ірвануў сваімі грудзьмі фінішную стужку на міжнародных супергонках.

Праз нейкае імгненне, услед за дзедам, на фініш прымчалася сусветная спартыўная зорка з Паўднёвай Афрыкі.

Даведаўшыся, што ён толькі другі, афрыканец скрозь слёзы сказаў:

— Гэта сапраўды непераможны народ!

А дзеда Піліпа ледзь не затапталі ва ўзрушаным натоўпе. Ён на фінішы як ускочыў у шматсоценны гурт людзей, так у ім і згубіўся. З усіх бакоў чуліся нейкія крыкі, узняўся лямант, усе мітусіліся, збіваючы з ног адно аднаго.

— Вядро будзе маё! — сярод гэтага тлуму крычаў дзед Піліп.— Каструлю нікому не аддам!

— Сціхні, дзед, са сваім вядром! — шыкалі на яго з усіх бакоў.— Там наш суайчыннік заняў першае месца і выйграў мільён долараў, а ты лезеш з нейкім вядром!

Нарэшце дзед Піліп выблытаўся з гэтай узрушанай табалы, перакінуў праз плячо ўнукаў веласіпед і паклыпаў да праўлення калгаса, каб даведацца, якое ж месца ён заняў і які прыз прынясе сваёй старой, але там ужо нікога не было.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.