epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Супраць!

Ў залу, паўнюткую

Людам цікаўным,

Сам сацыёлаг

прыйшоў на спатканне,

Пераправераным

Метадам даўнім

Здзейсніць,

Правесці сваё апытанне.

 

Ён запытаўся:

— У час гэты новы,

Ведаць хачу я:

Супраць чаго вы?

 

— Я дык гандлюю

Зімовым адзеннем,

Голас пачуўся

Упэўнены, звонкі,—

Супраць

Глабальнага я пацяплення,

Дзе тады дзець

Паліто і дублёнкі?

 

Чуецца голас

Аратара новага:

— Мной вырабляюцца

плаўкі для пляжа.

Супраць

Перыяду я ледніковага,

Ў іх нават дурань

На снезе не ляжа.

 

Раптам стары

Сваё «супраць» агучыў,

Выклікаў рогат,

Як кажуць, лячэбны:

— Я супраць секса! —

Сказаў дзед рашуча,—

Лішні ён сёння!

Каму ён патрэбны?

 

Хтосьці устаў,

Захістаўся, як колас,

Высмаркаў нос свой пунцовы

Ў хусціну:

— Супраць сухога закона

Мой голас,

Я без гарэлкі

Сандалі адкіну.

 

І сярод гэтага

Шуму і звону

Нехта падняўся

У татуіроўках:

— Супраць парадку я!

Супраць закону!

А асабліва —

Супраць ментоўкі!

 

Хтосьці прыцішана

З месца прамямліў:

— Супраць я

Дзецям плаціць аліменты!

Хопіць таго,

Што пры дзецях ёсць

Мамы —

Я ні капейкі не дам ім,

Ні цэнту.

 

Раптам жанчына

Сказала дасужа:

Я, у сямейным жыцці,

Супраць мужа! —

 

І дадала

Ўсхвалявана і з болем:

— Два трэба сёння мужы,

Нават болей,

Бо сёння муж —

Адна назва, мужчына,

Ёсць ён ці не —

Зразумець немагчыма...

 

Шмат яшчэ чулася

Сумных, вясёлых

Розных выказванняў,

Згоды,

Нязгоды.

Што ж пры сустрэчы

Адкрыў сацыёлаг?

Супраць — ніхто,

За — як заўсёды.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.