epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Супраць пракруста

1

 

 

Я ўчора збудаваў

са слоў палац цудоўны,

А сёння...

Новым словам разбурыў.

Хтось скажа пра мяне:

— Які непаслядоўны!

Навошта ж ты

нам галаву дурыў?.. —

 

Вунь плотнік дом будуе,

здаецца, спраўна, гладка,

Давёў яго да крокваў,

Раптам — глядзь!

То не да сонца «твар»,

то нізкая асадка,

Нязграбны нейкі...

Перабудаваць!

 

Ці вунь мастак, які

амбіцыі адкінуў,

Па-новаму зірнуў

на свой «шэдэўр».

І, як лічыў раней ён,

лепшую карціну

Старанна

Перапісвае цяпер.

 

Дынаміка і рýх жыцця —

супраць Пракруста,

Ўсіх мераў

Адной меркаю які.

Мяняюцца ў людзей

і погляды, і густы —

Было так,

Ёсць

І будзе праз вякі.

 

Паэту, як і ўсім,

мяняцца уласціва,

Пад ціскам часу

І другога «Я».

Мяняецца вакол наш свет,

таму не дзіва,

Што творчасць —

не статычная мая.

1 Пракруст — міфалагічны антыгерой.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.