epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Суседава ласка

Вядома, што бліжэйшы сусед нярэдка бывае больш блізкім па жыцці, чым сваякі.

Да каго чалавек найперш кідаецца за дапамогай, за парадай, калі здараюцца нейкія непрадбачаныя праблемы? Да суседа! З кім сустракаецца амаль штодзённа? З суседам!

Вось і Параска, збіраючыся вясной адсеяцца, падалася з просьбай да суседа.

— Міхалка, суседзе, дыскані ты мне зямлю пад грады. Месца новае, дзірваннае — амаль цаліна. Учора пасля працы ткнулася туды з рыдлёўкай, сёння — сярэдзіну не чую, рукі адвальваюцца...

Міхалка працаваў на трактары, да якога можна пачапіць плуг, барану, культыватар з дыскамі.

Параска бачыла, як Міхалка кожны год — вясной і восенню — дыскаваў сваю зямлю перад сяўбой і пасля збору ўраджая. Зямля пасля такой працэдуры робіцца як пярына.

Жанчына, магчыма, і не пайшла б на паклон да суседа, але новая, невыпрацаваная зямля патрабавала шмат фізічных намаганняў. А рукі ў чалавека толькі дзве на безліч рознай работы.

Міхалка ўважліва выслухаў суседку і даў згоду:

— Чакай! Днямі ўзрушу твой дзірван. Рыхтуй... сама ведаеш што.

Параска, ды і ўсе суседзі Міхалкі, ведалі гэта яго «што». Ён кожны дзень пасля працы, як кажуць, не прасыхаў. Бывала і з-за руля выкульваўся «падшафэ».

Чакала Параска, чакала дзень, тыдзень, а клопат яе, па-ранейшаму з ёй.

Гукнула яна аднойчы праз плот суседа, а той толькі рукой махнуў:

— Буду! Буду! Нікуды не ўцячэ твой дзірван! Ці ж табе гарыць?!

А ў Параскі сапраўды гарэла душа. Суседзі даўно адсеяліся, а яе зямля «гуляе» ўхаластую.

Не дачакаўшыся суседавай ласкі, жанчына сабралася з сіламі, ператрэсла віламі дзірваннае карэнне і адсеялася па поўнай. І морквачку, і бурачкі, і цыбульку, і фасольку, і розную неабходную драбязу — салату, кроп ды радыску.

Выпрастала гаспадыня спіну і з палёгкай уздыхнула:

— Ад чужой ласкі не з’ясі каўбаскі, а праз свае рукі наядуцца і ўнукі.

Прайшло некалькі дзён, Параска пераключылася на іншыя клопаты і пачала забывацца на дзірванную эпапею.

Але аднойчы пад вечар пачула напружанае гудзенне трактара на сваёй сядзібе.

Параска куляй выскачыла з хаты і з жахам убачыла, як «Беларус» з прычэпленым культыватарам дыскуе яе адсеяныя і зпарадкаваныя грады.

Яна з усяе моцы закрычала:

— Стой, вар’ят ты гэтакі! Спыніся!

Але Міхалка заліхвацкі выпісваў васьмёркі і развароты, «узрушваючы дзірван».

Убачыўшы гаспадыню, ён «выкуліўся» з-за руля і з гонарам паказаў на знішчаную Параскіну працу.

— Ну як?!

Параска, стрымліваючы слёзы, выдыхнула:

— Злыдзень ты, злыдзень!..

Яна абяссілена падалася дадому шукаць новае насенне, а збянтэжаны і падпіты Міхалка ніяк не мог зразумець, чаму за такое яго старанне, ён атрымаў не тое, чаго чакаў?

— Вось і рабі людзям ласку, — выдыхнуў ён.

Сеў у трактар і паехаў шукаць, каму б яшчэ узрушыць грады.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 4. Аповесці. Апавяданні. Замалёўкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 535 с.