epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Суседзі

Вы да мяне не можаце прыйсці,

Дарэмна я чакаю вас, суседзі...

Так лёгка вам было б мяне знайсці,

Я — сын малодшы Рубяжскога Федзі.

 

Тут вам знаёма ўсё — любы куток,

Так, як і мне ўсё — роднае да болю.

Мне плён дае мінулага глыток,

Ён неабходны, нібы ветрык полю.

 

Шкада, што нам сустрэцца не дало,

Шкада, што я спазніўся нарадзіцца.

Але пра ўсё, што сэрцы вам пякло,

Што болем вашым, радасцю было,

Мне расказала родная зямліца.

 

Натхнёнасць ваша — спадчына мая,

Ці не таму я стаў паэтам сталым?..

З Карпілаўкі іду ў Акопы я

I гутару з Лявіцкім і Купалам...


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.