epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Суседзі

Была нядзельная раніца. Ягор Халадовіч выйшаў з хаты на двор, закурыў і з прыемнасцю зірнуў на вёску. Хату сваю ён калісьці пабудаваў на самым пагорку, таму вёску, да самай канцавой сядзібы Васіля Каптура Ягор бачыў, як на далоні.

І як было без прыемнасці пазіраць на родны кут, калі ў кожнай хаце — сумленныя і працавітыя яго аднавяскоўцы, большасць з якіх яго аднагодкі.

Варта было радасці альбо суму наведаць чыю-небудзь хату, як ужо ўся вёска гатова была падзяліць і радасці, і непрыемнасці суседа як уласныя.

Ягорава маленства гойсала па гэтым наваколлі, юнацтва ж светла і далікатна чакала непазбежнай сустрэчы з тым, аб чым не раз чуў ад дарослых, пра што ўсхвалявана чытаў у кніжках, бачыў у кіно.

Каханне не абмінае нікога ў жыцці, прыносіць у лёс кожнага, ні з чым не параўнальнае свята душы, надае сэрцу асаблівую асалоду.

Пранесці праз жыццё такую ўзаемную гармонію пачуццяў няпроста, але ўсё ж большасць закаханых і ў пасляшлюбных выпрабаваннях не дазваляюць светлым пачуццям, узнікшым у маладосці, марнець, захоўваюць іх гэткімі ж светлымі і, нават больш моцнымі ўсё жыццё.

З такімі думкамі Ягор пазіраў на родны яго сэрцу куток зямлі і цешыўся, што яго сямейныя адносіны з Надзеяй, з жонкаю, не пакідаюць так званых рамак кахання.

Ягор падумаў пра каханне і ўсміхнуўся. З узростам у сям’і такое паняцце як каханне набывае іншую, значна большую вагу і жыццёвую акрэсленасць.

Тое, лёгкакрылае каханне маладосці, з гадамі сумеснага жыцця ўзбагачаецца ўзаемапавагай, узаемаразуменнем, узаемападтрымкай і ўзаемаадказнасцю.

Проста каханне, без такіх узаеманеабходнасцяў, было б недаўгавечным і няжыццяздольным.

Ягор з задавальненнем адзначыў, што вось ужо пятнаццаць гадоў — а тэрмін не малы — яны з Надзеяй сапраўды ўзаеманеабходныя адно аднаму.

Праўда, існуе адно «але», якое псуе, і даволі моцна, жыццё — Бог не даў ім дзяцей.

Гэту тэму яны ў размовах абыходзілі, але яна прысутнічала ў іх думках пастаянна. І хоць яны рабілі выгляд, што не думаюць пра гэта, ведалі, што кожны з іх балюча перажывае адсутнасць дзіцячых галасоў у хаце, якая ад гэтых галасоў набыла б большую ўтульнасць.

Ягор яшчэ і яшчэ раз акінуў вокам вёску, блізкіх праз плот і праз вуліцу суседзяў, і больш далёкія сядзібы аднавяскоўцаў.

Зноў усміхнуўся ад думкі пра «блізкіх» і больш «далёкіх» суседзяў. Хіба ж мог ён падзяляць аднавяскоўцаў на блізкіх і далёкіх? Усе яны — блізкія яго думкам, яго душы і сэрцу людзі.

Бразнула клямка дзвярэй, і з хаты выйшла Надзея, як заўсёды зграбна апранутая і зачэсаная.

— Ягорка, што ж ты да сняданка глытаеш дым ад цыгарэты? — абурылася яна.— Мы ж дамовіліся, што ты ўвогуле кінеш гэтае глупства.

Ягор, як злоўлены настаўніцай вучань, кінуў акурак пад ногі і хуценька наступіў на яго.

Надзея рассмяялася:

— Эх ты, канспіратар! Пайшлі снедаць — твая любімая яешня на сале з блінамі.

Ягор апетытна прыцмокнуў:

— Эх і смакацішча! І сапраўды, больш смачная, чым дым.

Паснедаўшы, Ягор памкнуўся з хаты.

— Пайду да Юрася,— сказаў ён жонцы.— Абяцаў яму дапамагчы перавезці стажок сена.

Жонка Юрася Алена, толькі рукамі развяла:

— Юрась запрог каня і паехаў да Каптура, штосьці ў яго пераворваць ці перавозіць...

— А сена? — здзівіўся Ягор.— Мы ж дамаўляліся перавезці стажок пакуль суха.

Алена ўсміхнулася:

— Ты ж ведаеш майго рупліўца. Пакуль не пераробіць чужую работу, да сваёй не дакранецца.

— Ну не скажы! — запярэчыў Ягор.— У вас парадак пазірае з усіх куткоў. А ўвогуле падамся і я да Каптура, магчыма, і мае рукі там спатрэбяцца.

Адышоўшыся, гукнуў да Алены:

— А стажок мы перавязём, не хвалюйся!

— А я... — не паспела Алена адказаць, як штосьці загрукацела і Ягор прачнуўся.

Грукаценне далятала ад суседа праз дарогу. Там вось ужо амаль месяц стаіць машына з вышкай і бурыць свідравіну, шукаючы артэзіянскую ваду.

— Эх, такі сон сапсавалі, прышэльцы! — абурыўся Ягор. Прышлых, якія панаехалі ў яго вёску дачнікаў, ён называў прышэльцамі.

Ягору, дакладней, дзеду Ягору, апошнім часам сніўся адзін і той сон — яго маладосць, яго, у сіле яшчэ вёска, калі былі жывыя ўсе яго сябры, аднавяскоўцы і, галоўнае — той час, калі была яшчэ жывая яго жонка, яго Надзея.

Дзеду Ягору за восемдзясят. Ад калісьці напоўненай жыццём і неўгамоннасцю вёскі — сёння засталіся рожкі ды ножкі.

Жыццё вёскі, як і жыццё чалавека, здавалася, будзе доўгім, а на самай справе аказалася кароткім сном. Многія вяскоўцы пайшлі з гэтага свету ў іншы, маладыя з’ехалі бліжэй да сучаснага жыцця туды, дзе ёсць праца і перспектыва.

Сёння на канцавой сядзібе ледзь клыпае Васіль Каптур, які таксама, як і Ягор, застаўся адзін. Сябры міжволі дасяброўваюць у думках, бо дзеду Ягору, як і Каптуру, складана прыкалдыбаць адзін да аднаго.

Цяпер у старога Ягора новыя суседзі — дачнікі, якія няведама адкуль наехалі і апанавалі гэту зямлю і няведама за якія грошы адбудавалі двух-трохпавярховыя дамы-шыбельніцы.

Даўней Ягор кожную раніцу сустракаўся з першым сонечным промнем. Цяпер нязграбная пабудова суседа праз вуліцу закрывае сабой паўнеба, і дзед Ягор забыўся ўжо, як выглядае сонечны ўсход.

Злева і справа ад яго — гэткія ж дамы-гмахі, напоўненыя шумам, гамам, музыкай — птушачкі не пачуць.

Цяпер вось нават гэтую гвалтоўню перакрывае свідравальная траскатня, ад якой у дзедавай хаце трымцяць шыбіны ў вокнах.

— Пайду! — не вытрымаў дзед Ягор.— пайду да суседа і даведаюся, дакуль ён будзе труціць маю старасць.

І дзед з кійком у руцэ падаўся праз дарогу шукаць паратунку.

Але не так проста аказалася трапіць да суседа, бо дом быў агароджаны высачэзнай жалезнай агароджай.

Патузаў стары масіўныя вароты і сабраўся было ісці дахаты ні з чым, але ўбачыў кнопку званка.

Ціскануў на яе некалькі разоў, патаптаўся на адным месцы, і зноў памкнуўся назад праз дарогу. Але вароты прыадчыніліся і з-за іх выглянуў круглатвары гаспадар маёнтка.

— Что, старче, надо? — спыталася суседава галава, бо астатняга цела не было відаць.

— Добрай раніцы, шаноўны сусед! — неяк вінавата павітаўся дзед Ягор.— Вось, прыйшоў пазнаёміцца... Тры гады, як вы тут пасяліліся, а нам неяк не дало пагутарыць. Не па-людску гэта, не па-суседску.

— Ты что, старче! Какое знакомство?! Какие разговоры?! У меня дел по горло! Усёк?

У дзеда Ягора ад такога прыёму яшчэ больш прыгорбілася спіна. Але ён знайшоў сілы працягнуць размову.

— А я чую, што вы не валодаеце беларускай мовай... Пэўна, з Расіі?

Сусед, на здзіўленне старому, адказаў па-беларуску:

— Валодаю, валодаю і рускай, і беларускай мовамі. Але ж у нас, дзед, двухмоўе, руская таксама дзяржаўная. Чуў пра гэта?

— Чуў, чуў, але ж у вёсцы больш натуральна гучыць беларускае слова. А па-другое, няхай сабе руская мова дзяржаўная, а нацыянальная мова адна — беларуская.

Сусед рассмяяўся:

— Ты, старэча, я бачу, разумны. А ці вывучаеш ты кітайскую мову?

Стары здзівіўся:

— Кітайскую? Навошта?

Сусед паўтарыў дзедава пытанне:

— Навошта? Хутка, дзядуля, кітайцаў у Беларусі будзе больш, чым беларусаў. І рады будзеш пачуць рускую мову... Вось так, нацыяналіст.

— Нешта я нічога не разумею,— разгубіўся дзед Ягор.

— А паколькі нічога не разумееш, старэча, будзь здароў! — і галава суседа знікла за варотамі, якія бразнулі сваімі жалезнымі зубамі.

Стары патаптаўся ля агароджы і паклыпаў дамоў, дакараючы сябе:

— Тузанула ж мяне за язык закрануць мову... Пра галоўнае так і не спытаўся... А пры чым тут кітайская мова і кітайцы?..

 

* * *

Ішоў час. Знаёмства так і не адбылося. Ягораў сусед зімой амаль не прыязджаў, а летам гойсаў на машыне туды-сюды, не звяртаючы ўвагі на старога.

Праўда, сям’я яго — жонка і двое дзяцей, усё лета жылі на дачы, насупраць дзеда Ягора, да якога таксама праяўлялі мала зацікаўленасці.

Аднойчы стары заўважыў, як да суседава маёнтка прымчала «хуткая дапамога». На наступны дзень — зноў. Потым убачыў, як людзі ў белых халатах на насілках вынеслі з дому суседаву жонку і павезлі яе, пэўна, у бальніцу. Следам на машыне памчаў і сусед.

Тут дзед Ягор змікіціў, што справа сур’ёзная, але што да чаго, спытацца не было ў каго.

Прыкладна праз месяц, стары зноў заўважыў, як сусед прывёз сваю жонку. І жыццё насупраць пацякло на былы манер.

Суседка з дзецьмі заставалася дыхаць вольным паветрам, а сусед шнураваў на сваёй машыне туды-сюды.

Але праз нейкі час зноў пачала наведвацца да суседа «хуткая дапамога».

Дзед Ягор па сапраўднаму занепакоіўся, ды і невядомасць данімала яго.

Стары не вытрываў і зноў паклыпаў да жалезных варот суседа, дзе ціскануў на знаёмы ўжо званок.

На гэты раз паказалася не толькі галава, а і ўвесь сусед, які не спытаў: «Табе, чаго, старэча?», а прыцішана выдыхнуў:

— А-а, гэта вы, сусед... Вітаю...

Дзед Ягор адказаў на прывітанне і таксама ціха спытаў:

— Непакоюся я, што з вашай гаспадыняй?

— Бяда,— зноў выдыхнуў сусед.— Сэрца яе згубіла свой здаровы рытм, ды настолькі, што дактары пасуюць... Праўда, раяць легчы пад нож, але мы пакуль не рызыкуем... — Потым спахапіўся: — Прабачце, мы пакуль па-сапраўднаму не знаёмыя. Мяне завуць Аляксеем Іванавічам, можна проста Аляксеем. А вас?

Стары адказаў:

— Я калісьці быў Ягорам Максімавічам, а цяпер зрабіўся дзедам Ягорам.

Дзедаў сусед працягнуў руку:

— Вельмі прыемна.

Стары штосьці пакумекаў і спытаў:

— Кажаш, сэрца збілася з сваёй дарогі? Было і ў мяне такое.

— І што? — запаліўся сусед.— Дапамаглі дактары? Як? Чым?

Дзед Ягор кісла ўсміхнуўся:

— Дактароў, сынок, тады тут не надта і было. Тэлефонаў, каб выклікаць іх, таксама не было. Людзі спрадвек ратаваліся ад сваіх балячак самі.

— А вы? Як уратаваліся вы?

— Я? — дзед падумаў і працягваў: — Ёсць такі важны доктар, як матухна-Прырода. Шмат людзей яна ўратавала ад розных хвароб. Шмат... Я штосьці пераняў ад бацькоў, да чагосьці датумкаўся сам. Збіраў розныя лекавыя травы, зёлкі, настойваў іх разам з коранем валяр’яны. Штосьці дадаваў, штосьці адымаў, пакуль не дабіўся іх спрыяльнасці сэрцу. Піў гэтыя напоі і прыслухоўваўся да сваёй хваробы, піў і прыслухоўваўся, пакуль яе зусім не перастаў адчуваць. З тае пары я забыўся, што ў мяне ёсць сэрца... А пад нож, сынок, не спяшайцеся...

Аляксей Іванавіч запаліўся яшчэ больш:

— А можы, вы, шаноўны Ягор Максімавіч, прыгатуеце такі напой і для маёй жонкі?

— Я і сам пра гэта падумаў, але баяўся пачуць ваш недавер.

— Што вы, шаноўны дзед Ягор! Пра недавер забудзьцеся!

— Ну тады,— пагадзіўся дзед,— патрывайце тыдзень, пакуль завараныя травы аб’яднаюць сваю лекавую сілу. І не хвалюйцеся, травы — не аптэчная хімія, не пашкодзяць. Дасць бог, дапамогуць.

Аляксей Іванавіч не сунімаўся:

— Будзем чакаць хоць тыдзень, хоць два! А зараз, можа, зойдзеце да нас у дом. Будзем рады.

Стары адмовіўся:

— Другім разам. Лепш скажы, сынок, як завуць тваю гаспадыню, бо над травамі я чытаю малітву і кірую яе да таго, хто будзе прымаць напой.

— Завуць яе Надзеяй,— адказаў сусед.

— Надзеяй? — сумна перапытаў стары, успомніўшы сваю жонку.— Прыгожае імя, вельмі прыгожае...

І пачала праз тыдзень суседава Надзея з надзеяй на выздараўленне прымаць дзедаў лекавы настой, і пачало яе сэрца вяртацца ў каляіну здаровага рытму.

А калі збеглае здароўе жанчыны вярнулася да сваёй гаспадыні, зрабіўся дзед Ягор не толькі добрым суседам гэтай сям’і, а родным чалавекам.

Цяпер Аляксей Іванавіч, коцячы на машыне з горада на сваю дачу, заўсёды вёз дзеду свежы хлеб, малако і розныя прысмакі.

Надышла чарговая зіма і дзедавы суседзі з’ехалі ў горад да вясны, а сам Аляксей Іванавіч наведваўся ў вёску рэдка.

Прыехаўшы аднаго разу да сябе на дачу, ён, як заўсёды, накіраваўся з харчовымі падарункамі да дзеда Ягора, але натыкнуўся на замок на дзвярах.

У вёсцы зімой амаль нікога не было, і Аляксей Іванавіч крутнуў на машыне да канцавога Каптура, каб у яго даведацца, куды падаўся Ягор Максімавіч.

Сумную навіну пачуў Аляксей Іванавіч. Дзеда Ягора вось ужо тыдзень як пахавалі. Яго знайшлі ля патухлай печы з пучком лекавых траў у здранцвелай руцэ. Побач стаяў саган з вадой, у якім стары збіраўся прыгатаваць для сябе ратавальны напой Матухны-Прыроды.

Не паспеў — сэрца старога спынілася.

Аляксей Іванавіч выцер узмакрэлыя вочы і ціха прамовіў:

— Кажуць, што суседзяў не выбіраюць. Каб іх выбіралі, я б найперш выбраў дзеда Ягора — незабыўнага Ягора Максімавіча, зямля яму пухам...



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 4. Аповесці. Апавяданні. Замалёўкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 535 с.