epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сустрэча

Адзелянелі, адгулі

Лясы і дождж павіс сцяной.

Зляцеў лісточак да зямлі

Прыгожы — чырвань з жаўцізной,

Быў, нібы красачка вясной.

 

З асіны той лісточак быў,

Вісеў даўжэй братоў сваіх.

Пад сумны восеньскі матыў

Ён спланаваў да ног маіх.

 

Падняў я летуна свайго,

Ім любаваўся на хаду.

І вырашыў, што я яго

Прыйду і ў кніжку пакладу.

 

Ён на зямлі — часовы госць,

Праз месяц згніў бы на траве.

Я ж захаваю прыгажосць,

Няхай другім жыццём жыве.

 

Так і зрабіў. І даў нырца

Ў жыццё — мой век быў малады.

І на лісточка-малайца

Зусім забыўся — на гады.

 

Падзей і часу карагод

Круціў мяне, як той лісток,

І вось ажно праз паўста год

Раскрыў я кніжку — й мой ты Бог!

 

Я зноў! Я зноў сустрэўся з ім!

Нібыта з маладым сабой.

Ён выклікаў «жыццём» сваім

Усхваляванасці прыбой.

 

Я выбег з хаты — хмары спрэс,

І, як тады — дажджу сцяна.

Імчаў я у знаёмы лес,

Да той асіны — як яна?

 

Лес новы «узняўся на крыло»,

У новы час свой гімн пяе...

На жаль асіны не было,

Лісточак перажыў яе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.