epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сустрэчы — расставанні

А мы й не думалі, дарэчы,

Ў шчаслівы той апошні час,

Што расставанні, не сустрэчы,

Мы ладзілі за разам раз.

 

Наш час агульны згорбіў плечы,

Сціскаўся да знікнення ён.

І да апошняе сустрэчы

Было ўсё менш і год, і дзён.

 

Ніводзін з нас не быў гатовы

Расстацца назаўжды — ніхто!

Ў застоллі мы вялі размовы

Пра ўсё на свеце й ні пра што.

 

І шчасцем поўніліся сэрцы,

Благое адлятала прэч.

Мы — кроў адна, адзінаверцы,

Мы верылі ў працяг сустрэч.

 

Жыццё, яно, як поле брані,

Непрадказальнае, на жаль,

Сустрэчы — гэта й расставанні,

Нярэдка — і апошні баль.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.