epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Свабода

Свабодзе прысвяціў я

вольныя рулады,

А нада мной —

пералічу наўздых —

Начальнік — то адзін,

то пяты, то — улады,

Калі прызнацца шчыра,

як без іх.

 

А потым над маёй

свабодаю ўладарыў

Спакусаў незлічоных

цэлы спіс.

Найперш гарэлка — горш

не знойдзеш кары,

Я лез уверх —

яна цягнула ўніз.

 

Затым — праз грошы сум,

А ці ж дзівос тут нейкі?

Іх у мяне

Ніколі не было.

На хлебе эканоміў,

страсаючы капейкі,

Вышукваў іх,

хоць кажуць, грошы — зло,

 

Адсутнасць іх у нас —

хвост за сабою цягне,

Бо плодзіць грошай недахоп

Даўгі.

За кошт пазыкаў жыць —

па вушы жыць у багне

Бязвыйсця,

Уніжэння

І тугі.

 

Ёсць і яшчэ адна

пагроза нашай волі,

О, бедныя мужчыны ўсіх часоў!

Ў гісторыі ніхто

не абмінуў ніколі

Пагрозу гэту,

што псуе нам кроў.

 

Што так узносіць нас,

як казачныя мары,

Каб садануць

каварствам у спіну —

Дарунак Бога й д’ябла,

Жаночых путаў чары,

Свабоды дух ім ведае цану.

 

Прыйшоўшы ў гэты свет,

аб волі марыць кожны,

І ўсё-ткі спатыкаецца не раз.

Свабодным нарадзіцца —

пры ўсім пры гэтым можна,

А жыць свабодным?

Я ўжо даў адказ.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.