epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Свая луста

Друг другу мы тайно враждебны,

Завистливы, глухи, чужды...

А. Блок

 

Мы бачымся не так ужо і густа,

Калегі? Так. Па сутнасці — сям’я.

Ў кожнага адрэзаная луста

Ад пірага агульнага — свая.

 

Праз час сустрэча — рэдкая удача.

Калега слоўмі холадна пячэ,

Ўсклікне: — Як даўно цябе не бачыў!

А ў поглядзе: — Дык ты жывы яшчэ...

 

А ў думках цешыцца: «Я лусту мáю

Пабольш тваёй, пабольш усіх — ага!»

І ўпотай ад сваіх калег жадае

З агульнага урваць бы пірага.

 

Варожасць тайная? Не, гэта ўжо занадта.

Чужыя мы? Не. Божа барані.

А зайздрасць, як быльнёг, расла выдатна

Ва ўсе часы, на жаль, і ў нашы дні.

 

У творчую, адну мы селі лодку,

А грэбаем, у розныя бакі.

Нятворчы дух у творчым асяродку,

Як той туман, у ім мы — слепакі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.