epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Свая праўда

«Палова» Змітрака —

Блудніца Ева,

Пасля свайго чарговага «налева»,

На мужа наляцела неўпапад,

Бо абарона лепшая —

Напад.

— Ты дзе учора быў, такі «святы»?

Аж цэлых паўгадзіны недзе блындзіў!

— Хадзіў у краму хлеб купляць...

А ты?

Дзе ноч цалюткую была?

Адкуль прыйшла? —

Але ж у жонак ёсць

(Як сведчаць шлюбы)

Галоўны свой казыр на языку.

Таму і Ева валіць Змітраку:

— Ты мне, Змітрок, не загаворвай зубы!

А дзе заўчора быў?

— На працы быў, а дзе ж яшчэ? —

А Ева зноў, як авадзень пячэ:

— То праца-шмаца у цябе,

То крама,

Лепш бы сазнаўся ў валацужстве прама!

— А ты дзе ноч была? —

Зноў з допытам Змітрок.

Ды Ева, як блыха,

Ў адказ — то прыг, то скок,

Не адступае ні на крок:

— Ты ж мне скажы!

Ты мне сазнайся!

Ты лепш пакайся!

Змітрок махнуў рукой:

— Цябе не перайначу...

І сазнаюся, што іду на працу.

_______

 

Свет найскладаны — кожная сям’я,

Але у жонак праўда ўсё ж свая.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.