epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Свавольнае рэха

Завялося ў лесе рэха...

Лес быў грыбны і ягадны, таму не дзіва, што рэха адбілася ад нейкага грыбніка ці ягадніка, якіх тут у сезон шмат, заблудзілася і засталося тут.

Звычайна, рэха вяртаецца да свайго гаспадара пасля таго, як той гукне ды крыкне. Пабегае, памітусіцца між дрэў — і ведае сваё месца.

А гэта рэха, як потым высветлілася, адбілася, але не заблудзілася, а засвавольнічала і вырашыла пажыць самастойна і незалежна ад свайго гаспадара.

А гаспадаром яго быў Юрасік, які ў свае сем гадоў, таксама праявіў свавольства і без дазволу дарослых, пайшоў у лес. І пайшоў ён у лес не па грыбы і не па ягады, а вельмі хацеў убачыць, як вавёрачка скача з галінкі на галінку, з дрэва на дрэва. Бацькі расказвалі яму, што вявёрачка не толькі скача, а, бывае, пералятае з дрэва на дрэва, як на крылах. Юрасік чуў пра гэта не раз, а вось бачыць не бачыў ніколі.

Ці ж мог ён уседзець дома, не пабачыўшы на свае вочы такую цікавосць?

Вядома ж, каб убачыць вавёрачку, трэба ўвесь час ісці па лесе, задзёршы галаву. Так і даросламу лёгка заблудзіцца, гледзячы ўверх ды ўверх, а што ўжо казаць пра хлопчыка, які, абышоўшы вакол адной сасны, не будзе ведаць, куды кіравацца далей.

А Юрасік абмінуў не адну сасну і не адну елку, напятляў па лесе, як тое зайчаня, пакуль нарэшце не ўбачыў вавёрачку, якая, сапраўды, пераляцела з сасны на сасну, як птушка. Пасля чаго яна, заўважыўшы Юрасіка, звесілася з галінкі і бадзёра зацокала язычком. Пэўна, яна яму штосьці сказала, але хлопчык пакуль не ведаў вавёрчынай мовы.

Юрасік стаяў, як зачараваны, затым памахаў услед вавёрачцы, якая весела паскакала далей.

Калі ж шчаслівы хлопчык апамятаўся, ён не ведаў, дзе ён і куды ісці. Страх агарнуў яго.

Першае, што ён зрабіў, гэта тое, што зрабіў бы кожны, апынуўшыся ў незнаёмым лесе. Ён закрычаў, спадзеючыся, што хтосьці яго пачуе:

— О-го-го!

Прыслухаўся і — о радасць! — яго пачулі. Бо недзе ў лесе хтосьці адгукнуўся: «О-го-го!»

Юрасік не зусім зразумеў, з якога боку яму адгукнуліся, таму яшчэ раз, больш моцна гукнуў:

— Э-гэ-гэй! Я ту-у-ут!

Як жа ён узрадаваўся, калі пачуў, што яму зноў адгукнуліся. Але яму падалося, што «о-го-го!» і «э-гэ-гэй!» гучала ў розных месцах.

— Дык тут, у лесе, шмат людзей! — цешыўся хлопчык.— Да якіх жа мне лепей ісці?

Ён не ведаў, што гэта — звычайнае рэха, яго ўласнае рэха, якое дурэе з ім і не можа наталіцца нечаканай свабодай. Ды і што тут дзіўнага, яно першы раз у сваім жыцці апынулася ў лесе.

Але рэха было не зусім звычайнае, яно было свавольнае і, што самае галоўнае, магло самастойна а-у-укаць, галёкаць і нават смяяцца. Яно насілася па лесе, пераскоквала з дрэва на дрэва, як тая вавёрачка.

Крыкнуўшы ў чарговы раз, Юрасік разгубіўся, бо яму хтосьці адгукнуўся з усіх чатырох бакоў. Ён падумаў: «Куды ж мне ісці? І там людзі, і там людзі... А-а, пайду вунь да тых людзей, яны, здаецца, бліжэй да мяне».

І падаўся Юрасік зусім у процілеглы бок ад сваёй вёскі.

Чым бы ўсё скончылася, страшна падумаць. Лес незнаёмы, вакол гушчары, ды і ноч набліжалася.

Але, на шчасце, Юраськіна рэха аказалася вельмі добрым, як і сам яго гаспадар.

Убачыўшы, што хлопчык канчаткова заблудзіўся, рэха адбеглася ў той бок, дзе, хоць і далёка, але знаходзілася яго вёска, і гукнула:

— О-го-го! Э-гэ-гэй!

— Я ту-у-ут! — закрычаў хлопчык, крутнуўшыся ў бок невядомага гукацеля.

— Т-у-ут! Т-у-ут! — О-го-го! — клікала рэха свайго маленькага гаспадара ў бок вёскі.

І пакуль Юрасік не выбраўся з лесу да знаёмых мясцін, рэха ішло наперадзе і падбадзёрвала яго.

Ужо вечарэла, калі хлопчык прыбег дамоў і з парога радасна абвясціў:

— Мама! Тата! Я бачыў, як вавёрачка пералятае з дрэва на дрэва! Спачатку яна скача з галінкі на галінку, а потым — ск-о-ок — і паляцела! Як гэта цікава! Яна мне нават штосьці сказала, але была высока і я не зразумеў, што!

— Ты быў адзін у лесе? — жахнуліся бацькі.— Ты ж мог заблудзіцца! Там жа страшна!

— Мамачка! Татачка! Я быў не адзін! Там столькі людзей — гукалі з усіх бакоў!..

Вось такі шчаслівы канец у гэтай свавольнай вандроўкі.

А як жа рэха? Яно — рэха маленькага хлопчыка, таксама дзіцё. Таму, хутчэй за ўсё, яно нагуляецца ў лесе, засумуе адно, і вернецца да Юрасіка, каб больш ніколі з ім не расставацца. Рэха ж не можа жыць без свайго гаспадара.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.