epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Свячы агарак

Нібыта кола абруча,

Сціскае цемра мой пакойчык.

Прашу, гары цішэй, свяча,

Бо ты гарэць не можаш двойчы.

 

Тваё святло — мой сквапны зрок,

Мая адзіная апора.

Патухнеш ты — і чорны змрок

Глыне мяне — настане ўчора...

 

Пакуль бруяцца слоў віры

І думкам цесна на паперы,

Прашу цябе, свяча, гары,

Ахоўвай мой пакойчык шэры.

 

Я вусны да крыві скусаў,

Кульнуў не мала горкіх чарак,

Я шмат яшчэ недапісаў —

Адпугваў ноч, свячы агарак.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.