epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Свядома даў дарогу

Не-не, ды і святы

з прамой дарогі зверне

Не варта без разбору

нам дакараць яго.

Трапляецца, хоць зрэдзь,

святой няпраўды зерне

У творах, што выходзяць

і з-пад пяра майго.

 

Няпраўды зыбкі цень

вам зрок не намазоліў,

Бо тыя, хто чытаў,

адчуюць, хоць «не ў лоб»,

Ў радках і між радкоў

а ісціны тут болей,

І колькі б не было —

яе ўсё ж недахоп.

 

Чарговы том пішу,

дзевяты — дзякуй Богу,

І праўды светлы сэнс

кладу ў радкі і між.

Святой няпраўдзе я

у творы даў дарогу,

Каб толькі на галоўным

не быў пастаўлен крыж.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.