epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Святая ісціна

Адна адной

Сяброўкі кпілі дужа,

Ды на каго!

Ды на мужоў сваіх!

— Не ведаю,

Як жыць далей мне з мужам,

Па часці рэўнасці,

Ў мяне ён проста псіх.

 

Ад выбрыкаў яго

Цярплю пакуты

Штодня, нібыта

Жыта ад сярпа.

Такое мне каханне —

Горш атруты,

Ён прыраўнуе

Нават да слупа.

 

— Зайздрошчу я табе! —

Другая кажа, —

Твой лёс,

Як рамантычнае кіно.

А мой, як кажуць,

Ні прадзе, ні вяжа,

Ёсць я ці не,

Яму — усё адно.

 

Вось у мяне дык,

Не жыццё каранне,

Тут іншы серп,

Не менш балюча жне.

Баюся —

Ці ні выстыла каханне.

У яго сэрцы

Раптам да мяне.

 

— Ты вось што! —

Раіць першая сяброўка, —

Дарэмна мужа

Не чарні свайго.

Ты ж можаш хітранька

І вельмі лоўка

Праверыць —

Што на сэрцы у яго.

 

Прыкінься ноччу соннай —

І нібыта

Ты бачыш нейкі

Сексуальны сон.

Уголас

Сон распавядай, адкрыта,

Каб муж твой чуў.

Як зрэагуе ён?

 

Не зварухнецца ён,

Не зрэагуе,

І як палена,

Ля цябе ляжыць —

Лічы, што недзе

Мае ён другую,

Й каханне загадала

Доўга жыць.

 

Ну, а калі

Падскоча аж да столі,

І з крыкамі

Палезе на ражон,

Не сып ты

На свае сумненні солі —

Цябе!

Толькі цябе кахае ён.

 

*

Так і зрабіла

Жонка нераўніўца,

Калі ўляглася

З мужыком сваім —

Нібы пачаў ёй

Палюбоўнік сніцца,

Уголас развяла

Гаворку з ім.

 

— О любы!

Абдымай мяне бясконца!

Бяры мяне!

Палонь мяне!

Палонь!

Бо муж мой схаладзеў

Па сваёй жонцы,

А ты такі гарачы,

Як агонь!

 

З табой —

Я адчуваю асалоду,

З табой —

Імгненна ночка прабяжыць.

А муж мой,

Як трухлявая калода,

Храпе пад бокам толькі

І ляжыць...

 

Яна такое

Яшчэ доўга «сніла»,

І чулася:

«Каханы! Ах і ох!»

Ды ўсё-такі,

Відаць, перасаліла,

Бо муж зрэагаваў,

Як толькі мог...

 

*

Яна назаўтра,

Радасна, з падскокам,

Да той сяброўкі,

А сяброўка ў гвалт:

— Які ў цябе «ліхтар»

Гарыць пад вокам!

Вой! Пад другім —

Агромністы фінгал.

 

Пачулася:

— О ісціна святая!

Дык гэта ж —

Майго шчасця сінякі!

Я высветліла —

Муж мяне кахае!

Які раўнівец любы мой!

Які!

 

Яны цяпер

У «ліхтарах» абедзве,

Ад ласкі

Іх кахаючых мужоў.

Хоць слёзы свае

Стрымліваюць ледзьве,

Ды «ісціна»,

Яна відаць без слоў.

 

*

Ў жыцці не кожны

Свайму лёсу рады,

А вось сяброўкі

Згодныя з усім.

Ды ад суседзяў

Новыя парады

Падлілі дзёгцю

Ў мёд сямейны ім.

 

Адна суседка —

Здзіўлена,

Здалёку,

Усклікнула,

Як сёння модна — Ваў!

А што гэта ў цябе?

Сіняк пад вокам!

— Дык гэта ж муж

Мяне прыраўнаваў.

 

Ён падазронасць

Так на мне зганяе,

Даказвае й каханне

Так на мне —

Зноў здзіўлена

Суседка ўдакладняе:

— Падставы ёсць для рэўнасці

Ці не?

 

Калі даеш блудлівасці свабоду

І бегаеш

«Налева» ўціхара,

Насі сіняк свой,

Як узнагароду,

Якую заслужыла —

І — ура!

 

Сяброўка запярэчыла:

— Ды што вы!

Якое там «налева»!

Гэта ж грэх!

Пра мой абман

Не можа быць і мовы!

І тут суседка

Не стрымала смех.

 

— Ха-ха!

Дурная!

Ні за што пакуты!

Гульнуць ты маеш права

На ўсе сто.

Вазьмі і рожкі

«Намалюй» яму ты —

Дык будзе хоць

Сіняк насіць за што!

 

Другой сяброўцы,

Гэткая ж суседка,

Шмат гаманіла,

Як птушыны гай.

Што там яна казала?

Бог быў сведка,

Дарадцаў процьма —

Вушы падстаўляй.

*

О гэты дзёгаць

Языкоў бяздумных,

Ён у паветры водарным,

Як чад.

Ён лад сямейны ціхі,

Робіць тлумным

Ці ператворыць лад сям’і

Ў разлад.

 

Сямейнага жыцця

Характар тонкі,

То тужыць,

То паслабіць дзён гужы.

У бок які

Цяпер крутнуцца жонкі?

Ці знойдуць ісціну

Свайго жыцця мужы?

2018


2018

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.