epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Святая любоў

Туга і час усё бяздонней,

Усё крывавей шлейф зары.

Я выйду ў поле — дзе вы, коні,

Юнацтва мілага сябры?

 

Я вас выпасваў тут і чысціў,

Па шыі гладзіў, па спіне.

Цяплом адорвалі калісьці

Душэўным — вас я, вы — мяне.

 

Я быў нязменна вашым другам,

А вы сябрамі мне тады.

І я не карыстаўся пугай,

А толькі словамі заўжды.

 

О захад сонца, год завея,

І успамінаў вастрыня.

Усё жыццё нашу ў сабе я

Любоў святую да каня.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.