epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Святая прастата

Дзед з бабай сядзелі на лаўцы ля сваёй хаты і нетаропка перакідваліся словамі. Гаворка вялася пра...

Далей можна і не канкрэтызаваць, пра што гаманілі старыя, бо старасць кожнага чалавека адметная ўспамінамі ды перабіраннем хваробаў, якія апаноўваюць людзей паважанага веку. А калі Бог злітаваўся і хваробы не дужа дапяклі рэдкім шчасліўцам, тыя ўсё роўна не могуць без аханняў ды розных нямогласцяў. Пагаворыць чалавек пра сваю больку, здаецца, яна ўжо і менш баліць...

І сёння дзед з бабай перабралі традыцыйныя тэмы, паскардзіліся ды паспачувалі адно аднаму і моўчкі аддаліся сваім думкам.

Раптам баба пытаецца:

— А скажы ты мне, Яўлампій, адкуль бяруцца разынкі, як іх здабываюць?

— Разынкі? — перапытаў дзед і пачырванеў.— Разынкі выкалупваюць з батонаў. Ці ж гэта незразумела?

— Ого! — усклікнула старая.— Колькі ж трэба батонаў перакалупаць!

— А што ж рабіць! — разважае дзед.— Дзе ж іх болей возьмеш?

— Цікава як! — паківала галавой баба.

Зноў замоўклі старыя, і зноў праз нейкі час пытаецца старая:

— А чаму, Яўлампій, вада, кажуць, у моры салёная? Хто яе там падсольвае? У нашай сажалцы — вада як вада, а там салёная... Дзіва!

— Ніхто яе там не падсольвае! — тлумачыць дзед.— Дзе ж было б солі набрацца, каб столькі вады пасаліць?

— Але ж яна салёная! — настойвае баба.

Дзед працягвае:

— Вада ў моры салёная таму, што ў ёй селядцы водзяцца. У нашай сажалцы, дзякуй Богу, толькі карасі прыжыліся, а карась — рыба салодкая. Не давядзі Бог, запусціць нам хто селядцоў — каюк карасям! Сажалка зробіцца як мора, салёная, і карасі здохнуць.

— Навошта нам у сажалцы селядцы! — схамянулася старая.— Карасі смачнейшыя!.. Ды і бялізну потым не выпалашчаш, соль будзе раз’ядаць цела.

Зноў сядзяць моўчкі старыя, зноў кожнае спавіта сваімі думкамі.

— Які ты, Яўлампій, у мяне разумны! — зноў схамянулася баба.

— Тут ужо нічога не скажаш! — з гонарам задраў дзед галаву.

Баба зірнула на ката, які лашчыўся ля ног і якому, здавалася, таксама было цікава слухаць разумныя адказы на складаныя пытанні, і звярнулася да сваёй жывой энцыклапедыі:

— А вось тут якія тлумачэнні? Наш каток шэранькі, у суседзяў — белы, у Настасі — зусім чорны. Хто іх там падфарбоўвае?

Дзед нядбайна пачаў «раскладваць усё па паліцах»:

— Наш каток шэранькі, бо бацькі яго падгулялі, калі на дварэ шарэла, надвячоркам, значыць. Жыццё суседскага ката бярэ пачатак ад светлага, сонечнага дня — вось ён і белы, а пра чорнага і казаць няма чаго — ноч, яна і ёсць ноч!

— А наш жа каток шэранькі, але ў рысачкі! Адкуль яны?

— Рысачкі, кажаш? — задумаўся стары.— Рысачкі ад таго, што, хоць надвячорак быў шэры, а неба, пэўна, у той вечар спаласавалі хмаркі...

— Вось яно што! — задаволілася тлумачэннем баба.— А скажы ты мне, Яўлампій, чаму чалавеку паміраць не хочацца?

Тут дзед коратка і вычарпальна, а галоўнае, дакладна адказаў:

— Таму, што жыць хочацца!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.