epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Святакрылая мара

Я выйшаў з хаты

прывітаць вясну,

І без мяне якая гаспадарыць.

А ветрык падштурхоўвае ў спіну,

Кудлаціць валасы —

са мной штукарыць.

 

Ах ты, блазнюк зялёны, малады,

Твайму утаймаванню век не будзе.

Мае бы падштурхоўваў ты гады,

Ды лепш не ззадзі, у спіну, а ў грудзі.

 

Магчыма бег свой

сцішылі б яны,

І азірнуцца меў бы я магчымасць,

Каб тэрмін —

ад вясны і да вясны

Набыў шматдзённасць,

а не шматхвіліннасць.

 

І ўсё ж цябе вітаю я, вясна!

Чаруй!

Хвалюй!

Адорвай жыццясілай!

Ты ўсё малодзіш, гэта — не мана,

І застаешся марай святакрылай.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.