epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Святасць лёсу

Стомленае сэрца не астыне,

Хоць дзесятак восьмы мой міне.

Як жа ўтульна у старой хаціне,

У бацькоўскай хаце ўтульна мне.

 

Сэрцу усміхаюцца ласкава

Скрып падлогі, нізенькая столь,

Самаробны стол, а побач лава —

Для крутых сучасных — гэта голь.

 

Для мяне — бясцэннае багацце,

Святасць лёсу, спадчына мая,

Пераначаваць у роднай хаце,

Дзе нікога з родных, толькі я.

 

Ўсё мне тут і блізка, і балюча,

Шыбы, што заплакалі дажджом,

Дзверы, што азваліся рыпуча —

Успаміны рэжуць, як нажом.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.