epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Святасць надзеі

Расшчодрылася на цяпло прырода —

Натоўп, чарга рупліўцаў-садаводаў.

Распродаж саджанцаў!

Вясна ў правы ўступіла,

Й бабуля тут — яна «дубцы» купіла.

Каб выпесціць такія аднагодкі,

Гады патрэбны — тэрмін не кароткі,

Няпроста іх давесці да парадку,

Сад вырасціць цяжэй, чым немаўлятку.

А тут бабуля, згорбленая крукам,

Цікаўлюся: — Каму купіла, унукам?

— Сабе! Садок мой зацвіце калісьці —

Так хочацца свой яблычак угрызці!

О, святасць чалавечае надзеі!

Не толькі дурань думкай багацее.

І хоць бабулін век пачаў змяркацца,

Дай Бог ёй ураджаю дачакацца.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.