epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Святло і цені

Не раз мы пра гвалтоўнасць чулі

І пра забойства заказное.

А губяць нас не толькі кулі,

Страляюць словы, нібы зброя.

 

Як распазнаць у бойні-бойцы,

У інтрыгантнасці бяскроўнай,

Як даказаць, што ёсць забойцы

Між нас з усмешкаю чароўнай?

 

Безабароннае сумленне,

Узнёсласць у палёце смелым,

І сэрцаў чыстыя імкненні —

Заўжды ў бяздарных пад прыцэлам.

 

Яны ў сваім антысумленні

Ганебныя ствараюць п’есы...

Ва ўсе часы — святло і цені,

Ва ўсе часы — свае Дантэсы.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.