epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Святло сярод ночы

Храм


Паэма атрымала блаславенне

Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага,

Патрыяршага Экзарха

ўсяе Беларусі ФІЛАРЭТА

 

Храм

На высокім пагорку,

на месцы пачэсным

Пасля крэснага ходу

і службы набожнай,

Першы камень

пасвенчаны быў урачыста,

Першы камень закладзены

Храма святога.

 

Быў узведзены Храм

не за дзень, не за месяц,

Не за год — не на год

будавалі святыню,

А навечна, бо вечная

прага да Бога,

Як Зямля наша вечная,

вечнае сонца.

 

Для сябе будавалі,

для многіх нашчадкаў

Тых, што будуць ісці

праз стагоддзі да Храма,

Будуць піць, наталяцца

з гаючай крыніцы,

З той крыніцы,

што верай у Бога завецца.

 

Прад іконай Прачыстае

Боскае Маці,

Прад іконай Тварца,

перад іканастасам,

Пад высокім і велічным

купалам Храма

Пачалі адбывацца

дзівосныя з’явы:

 

У знямоглага — раптам

з’яўляліся сілы,

Хто марнеў у адчаі —

знаходзіў надзею,

Хто ад злосці кіпеў —

з дабрынёю пазнаўся,

А ў душы вырасталі

нябачныя крылы.

 

Да людзей завіталі

спагада і згода,

Прачыналіся ў кожным

любоў і павага,

Пуцяводнаю зоркаю

стала сумленне —

І цягнуліся людзі

у Храм, у святыню.

 

— Не забі!

— І не крадзь!

— І не сведчы ілжыва!

— Ушаноўвай бацькоў!

— Узлюбі чалавека!

Паважай і зямлю,

на якой нарадзіўся,

І мінулага спадчыну!..—

чулася з Храма.


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.