epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Святочнасць дня

Пасля вайны нязменна,

Ў час выхаднога дня,

Да сёмага калена

Збіралася радня.

 

І ладзілі гулянкі

Ў спякоту, ў холад сцюж

Зусім не дзеля п’янкі,

А для яднання душ.

 

Ў вайну пагаравалі,

Глынулі ўсе бяды,

Таму засумавалі

Па святах без нуды.

 

Дзень гэты — годны, варты,

Святочна поўніў дом.

Гармонік, песні, жарты,

Гучалі за сталом.

 

І чарка, паміж справай,

Ішла навесяле,

І ўсё ж была цікавай

Закуска на стале.

 

Тады — зімой і летам,

На ўсіх сталах — камса.

Была яшчэ між гэтым,

У думках каўбаса.

 

З капустаю талеркі

Стаялі гэтым днём.

Закусвалі гарэлку

Й чырвоным кісялём.

 

Крухмал не шкадавалі,

Каб ён мацней загус.

Яго мы смакавалі

З скарынкаю ўпрыкус.

 

О, як жа іх цаніла

Такія дні радня.

І да сябе туліла

Людзей святочнасць дня.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.