epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сведка даўніны

Памяці знішчаных дубоў

 

Прамень узлескі высвятліў спрасоння,

Між імі жыта — як разлівы вод.

А ў жыце дуб, як «злодзей у законе»,

Паважна зелянее пасярод.

 

А тут аруць, тут сеюць і зжынаюць,

Камбайны караваняць, трактары.

І ўсе яго пашанна абмінаюць —

Ён з выгляду — да трох не гавары.

 

Ён пазірае з вышыні на поле,

Ён каранямі да глыбінь прарос.

І мускулы пакручанага голля

Уражваюць — асілак-хмарачос.

 

Ён постаццю адметнай знакаміты,

Бо моц у ім запасілі вякі.

І толькі вецер на яго сярдзіты,

Бо рве ўвесь час кашулю аб сукі.

 

Ці ўбачаць сведку даўніны нашчадкі?

Што дуб далей сустрэне на вяку?

Не раз яго хацелі — на лапаткі

І лёс яго вісеў на валаску.

 

Жыццё і смерць... Працяг такога цыклу

Не выпускае з рук дабро і зло.

І шмат дубоў з зямлі заўчасна знікла,

І вельмі шмат заўчасна палягло.

 

Імчыцца час нябачны і бясконцы,

І гэты дуб ішоў сюды скрозь час.

Ён мае ўсе правы стаяць пад сонцам,

Як людзі ўсёй зямлі — і кожны з нас.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.